Пошук

Кардынал Уільямс Кардынал Уільямс 

Пантыфік спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Уільямса

Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю новазеландскага кардынала Томаса Стафарда Уільямса, нагадаўшы пра яго вялікі ўнёсак у Касцёл Акіяніі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Францішак засмучаны смерцю кардынала Томаса Уільямса, ганаровага арцыбіскупа Велінгтана, які памёр 22 снежня 2023 года ва ўзросце 93 гадоў.

У тэлеграме, адрасаванай на імя арцыбіскупа Велінгтанскага Пола Марціна, Папа з "велізарнай удзячнасцю” ўзгадаў яго шматгадовае святарскае і біскупскае служэнне Касцёлу Акіяніі і перадаў усім, хто аплаквае кардынала Уільямса, “сваё благаслаўленне як залог суцяшэння і міру ва ўваскрослым Пане".

Кардынал Уільямс быў добра вядомай і любімай постаццю ў новазеландскай каталіцкай супольнасці. Ён заўсёды падкрэсліваў, што святарства не мае нічога агульнага з уладай, а звязана з самаахвяраваннем і служэннем.

Томас Уільямс нарадзіўся ў Велінгтане ў 1930 годзе і працаваў бухгалтарам, перш чым абраць шлях святара. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1959 годзе, меў ступень у галіне сацыяльных навук Універсітэцкага каледжа Дубліна. Служыў пробашчам у Велінгтане і на Самоа. У 1979 годзе быў пасвечаны ў сан арцыбіскупа Велінгтана, дзе служыў да 2005 года. Кардынальскую годнасць атрымаў 2 лютага 1983 года ад Папы Яна Паўла II. Быў адным з кардыналаў-выбаршчыкаў на канклаве 2005 года, які абраў Бэнэдыкта XVI.

23 снежня 2023, 14:25