Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Пантыфік: штучны інтэлект павінен служыць міру і развіццю

Папа скіраваў пасланне на 57-ы Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2024 года. Ён заклікаў міжнародную супольнасць прыняць абавязковы міжнародны дагавор, які будзе рэгуляваць развіццё і выкарыстанне штучнага інтэлекту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Новыя тэхналогіі заўсёды павінны спрыяць міру і агульнаму дабру, служыць інтэгральнаму развіццю людзей і грамадстваў, - падкрэсліў Францішак у дакуменце на тэму Штучны інтэлект і мір, які быў апублікаваны і прадстаўлены 14 снежня 2023 года ў Ватыкане.

Святы Айцец звярнуў увагу на “этычнае вымярэнне” новых тэхналогій, якія, з аднаго боку, могуць прывесці да паляпшэння чалавецтва і ператварэння свету, калі будуць садзейнічаць большаму парадку ў чалавечым грамадстве і больш братэрскай еднасці і свабодзе; а з іншага боку – даюць “у рукі чалавека шырокі спектр магчымасцей, у тым ліку тыя, якія могуць пагражаць нашаму выжыванню і ставіць пад пагрозу наш супольны дом”.

Францішак падкрэсліў, што ніякія навуковыя даследаванні і тэхналагічныя інавацыі не з’яўляюцца “нейтральнымі”, але звязаны з рашэннямі і намерамі тых, хто імі займаецца. Гэта тычыцца таксама форм штучнага інтэлекту, бо іх уплыў залежыць ад мэт і інтарэсаў іх уладальнікаў і распрацоўшчыкаў, а таксама ад сітуацый, у якіх яны выкарыстоўваюцца.

Таму “мы не можам апрыёры меркаваць”, што развіццё штучнага інтэлекту зробіць “карысны ўклад у будучыню чалавецтва і мір паміж народамі”. Станоўчы вынік будзе дасягнуты толькі ў тым выпадку, калі мы пакажам сябе здольнымі дзейнічаць адказна і паважаць такія асноўныя чалавечыя каштоўнасці, як “інклюзіўнасць, празрыстасць, бяспека, справядлівасць, прыватнасць і надзейнасць”, - адзначыў Папа.

На думку Святога Айца, неабходна “стварыць органы, якім будзе даручана разглядаць этычныя праблемы, што ўзнікаюць у гэтай галіне і абараняць правы тых, хто выкарыстоўвае формы штучнага інтэлекту ці закранаецца імі”. “Мы павінны пашырыць наш позірк і накіраваць навука-тэхнічныя даследаванні на дасягненне міру і агульнага дабра, на службу інтэгральнаму развіццю людзей і грамадстваў”, - падкрэсліў Францішак.

“Пантыфік асаблівым чынам адзначыў, што “тэхналагічныя распрацоўкі, якія не прыводзяць да паляпшэння якасці жыцця ўсяго чалавецтва, а наадварот, пагаршаюць няроўнасць і канфлікты, ніколі не могуць лічыцца сапраўдным прагрэсам”.”

Папа падкрэсліў шматлікія антрапалагічныя, адукацыйныя, сацыяльныя і палітычныя праблемы, звязаныя са штучным інтэлектам. “Сур’ёзную праблему стварае выкарыстанне штучнага інтэлекту ў кампаніях дэзінфармацыі, якія распаўсюджваюць фэйкавыя навіны і выклікаюць рост недаверу да сродкаў масавай камунікацыі”, - заўважыў ён, нагадваючы, што новыя тэхналогіі могуць мець таксама іншыя негатыўныя наступствы, такія як дыскрымінацыя, умяшанне ў выбары, рост грамадства сачэння, лічбавая ізаляцыя і абвастрэнне індывідуалізму. Усё гэта, па словах Францішка, з’яўляецца пагрозай для міру ва ўсім свеце.

Святы Айцец папярэдзіў аб рызыках для дэмакратычных грамадстваў і мірнага суіснавання, якія нясе тэхнакратычная парадыгма, што ляжыць у аснове штучнага інтэлекту. “Прапануючы пераадолець усе абмежаванні з дапамогай тэхналогій, у навязлівым жаданні кантраляваць усе, мы ўсе рызыкуем згубіць кантроль над сабой”, - напісаў ён.

Францішак заўважыў таксама, што выкарыстанне аўтаматычных працэсаў, якія класіфікуюць людзей, можа мець глыбокія наступствы для сацыяльнай тканкі з-за ўсталявання “рэйтынгу грамадзян”. “Нельга дазваляць алгарытмам вызначаць як мы разумеем правы чалавека, адкідваць асноўныя чалавечыя каштоўнасці спагады, міласэрнасці і прабачэння”, - нагадаў ён, выказваючы занепакоенасць таксама “мілітарызацыяй штучнага інтэлекту” і звяртаючы ўвагу на рызыку таго, што складаная зброя можа апынуцца ў руках тэрарыстаў.

Святы Айцец адзначыў, што штучны інтэлект можа выкарыстоўвацца для цэласнага развіцця чалавецтва, прыносячы важныя інавацыі ў сферу сельскай гаспадаркі, адукацыі і культуры, павышаючы ўзровень жыцця цэлых краін і народаў, а таксама ўмацоўваючы чалавечае братэрства і сацыяльнае сяброўства. Ён заахвоціў навучаць моладзь адказнаму выкарыстанню штучнага інтэлекту, у першую чаргу праз развіццё крытычнага мыслення.

Папа заклікаў міжнародную супольнасць разам працаваць на карысць прыняцця абавязковай міжнароднай дамовы, якая будзе рэгуляваць развіццё і выкарыстанне штучнага інтэлекту ў яго розных формах. “На пачатку новага года я малюся, каб хуткае развіццё формаў штучнага інтэлекту не павялічвала выпадкі няроўнасці і несправядлівасці, якіх занадта шмат у сучасным свеце, але дапамагло пакласці канец войнам і канфліктам і аблегчыць многія пакуты, ад якіх церпіць наша чалавечая сям’я”, - запэўніў у сваім пасланні Францішак.
 

14 снежня 2023, 12:10