Пошук

Пантыфік Рымскай курыі: слухаць, распазнаваць, быць у дарозе

Слухаць пасланне Бога, які прыходзіць, распазнаваць знакі Яго прысутнасці і прымаць рашэнні дзеля Яго слова, ідучы за Ім, - заклікаў Святы Айцец у звароце да Рымскай курыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

21 снежня 2023 года Францішак прыняў сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў на традыцыйнай перадсвяточнай аўдыенцыі. Ва ўступе да звароту ён заўважыў, што кожны чалавек пакліканы пачуць і прыняць пасланне Бога, які прыходзіць, каб прынесці любоў Айца, асабліва ў час, пазначаны “гвалтам вайны, эпахальнымі рызыкамі, якія нясуць пагрозу з прычыны кліматычных змен, беднасці, пакут, голаду і іншых ран, прысутных у нашай гісторыі”.

Спаслаўшыся на галоўных герояў святога Божага Нараджэння, Пантыфік заклікаў іерархаў і кіраўнікоў структур Рымскай курыі слухаць адзін аднаго і Бога, практыкавацца ў духоўным распазнаванні і без страху ісці наперад у служэнні Касцёлу і ўсяму свету.

Слухаць, у першую чаргу, вучыць Найсвяцейшая Панна Марыя, - адзначыў Папа. Маці Божая паказвае, што слуханне дазваляе ўвайсці ў адносіны з Богам і заўсёды падштурхоўвае да руху. Слухаць, аднак, трэба з пакорай і малітвай, “стоячы на каленях”, ствараючы ўнутраную цішыню і адкрываючыся на “таямніцу іншага”, з гатоўнасцю пакорна прыняць тое, што ён хоча сказаць.

“Браты і сёстры, таксама ў Рымскай курыі трэба навучыцца мастацтву слухання”, - зазначыў Святы Айцец, заклікаючы сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў нанава адкрыць для сябе каштоўнасць адносін, пазбаўленых фармалізму, натхнёных евангельскім духам, у першую чаргу праз слуханне адно аднаго.

На думку Францішка, узаемнае слуханне “дапамагае жыць духоўным распазнаваннем” як “метадам дзейнасці”. Спаслаўшыся пра прыклад Яна Хрысціцеля, Папа нагадаў, што ён абвяшчаў прыйсце “магутнага Бога”, які “нарэшце асудзіць грэшнікаў, кідаючы ў агонь усякае дрэва, якое не прыносіць пладоў”, але “гэты вобраз Месіі разбіўся перад жэстамі, словамі і стылем Езуса, перад спагадай і міласэрнасцю, якія Ён ужываў да ўсіх”, таму “Хрысціцель адчуў абавязак здзейсніць духоўнае распазнаванне, каб атрымаць новы погляд”.

“Распазнаванне вельмі важнае для ўсіх нас – гэта мастацтва духоўнага жыцця, якое пазбаўляе нас прэтэнзіі на веданне ўсяго, рызыкі думаць, што дастаткова выконваць правілы, спакусы проста працягваць паўтараць схемы, таксама ў жыцці курыі, не беручы пад увагу тое, што Таямніца Бога пераўзыходзіць нас, і што жыццё людзей і рэальнасць, якая нас акружае, заўсёды ёсць і застануцца вышэй за ідэі і тэорыі”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што духоўнае распазнаванне дапамагае адкрываць Божую волю і прымаць рашэнні не на падставе мірскіх крытэрыяў, ці проста выконваючы прадпісанні, але згодна з Евангеллем.

Спаслаўшыся на вобраз евангельскіх мудрацоў, Францішак адзначыў таксама важнасць быцця ў дарозе, каб ісці насустрач Пану і паўнаце жыцця. Бог заўсёды кліча ў шлях і таму, таксама ў служэнні ў Рымскай курыі, важна не заставацца нерухомымі, - сказаў ён, нагадваючы, што “страх, закамянеласць, паўтарэнне тых жа самых схем, нараджаюць статычнасць”, якая на першы погляд дазваляе пазбегнуць праблем, а на самай справе перашкаджае выкананню служэння, якое курыя паклікана здзяйсняць на карысць Касцёла і ўсяго свету.

“Каб быць у дарозе, каб ісці далей, патрэбна адвага. Гэта пытанне любові”, - сказаў Святы Айцец. Ён спаслаўся на дыскусіі пра падзел на “прагрэсіўных” і “кансерватыўных” у Касцёле, падкрэсліваючы, што насамрэч раздзел праходзіць паміж тымі, хто кіруецца любоўю, і тымі, хто дзейнічае па звычцы. “Крочыць наперад толькі той, хто любіць”, - сцвердзіў Пантыфік.
 

21 снежня 2023, 10:25