Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Пантыфік: праца – будаўнічая пляцоўка надзеі

Праца – найважнейшы кампанент існавання, паколькі дае чалавеку годнасць і надзею, - адзначыў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў мерапрыемства "LaborDì: будаўнічая пляцоўка для стварэння працоўных магчымасцяў".

Марыя Валодзіна - Vatican News

13 снежня 2023 года ў Рыме праходзіць ініцыятыва LaborDì, ў якой прымаюць удзел каля 1200 вучняў з 20 школ і прадстаўнікі 45 кампаній. Яе арганізатар – Італьянская асацыяцыя хрысціянскіх работнікаў (ACLI). Ініцыятыва аб'ядноўвае Касцёл, адукацыйныя ўстановы, дзяржаўныя ўлады, трэці сектар, прафсаюзы, асацыяцыі, прадпрымальнікаў і кампаніі, якія дапамагаюць маладым людзям рэалізаваць іх мары. У яе рамках адбудзецца 80 семінараў і некалькі сотняў інтэрв'ю. Мэта мерапрыемства – наблізіць маладых людзей да свету бізнесу.

У сваім пасланні Папа падзяліўся разважаннямі на тэму працы. Па яго словах, вобраз вялікай будаўнічай пляцоўкі выклікае два супрацьлеглых адчування: з аднаго боку, пачуццё пустэчы, калі на будоўлі няма людзей, з другога боку, перагрузку і стрэс, выкліканыя ліхаманкавай спешкай, калі будоўля ідзе поўным ходам.

Першае адчуванне, пачуццё пустэчы, узнікае таму, што слова праца сёння, на жаль, часта выклікае асацыяцыю з яе адсутнасцю. Адсутнасць ці нестабільнасць працы наносяць сур'ёзную рану годнасці чалавека, ставяць пад пагрозу жыццёвыя праекты і планы, такія як, напрыклад, стварэнне сям'і і жаданне мець дзяцей. Стажыроўкі, практыка, выпадковыя і часовыя работы – многім людзям даводзіцца змагацца за права мець дах над галавой.

На думку Святога Айца, неабходна супрацьстаяць гэтаму адчуванню пустэчы, якое тоіцца ў сэрцах многіх маладых людзей. Ад дарослых яны атрымалі ў спадчыну шкодную ідэю: у жыцці няма нічога стабільнага. Кароткатэрміновыя кантракты, праца, якая не дазваляе планаваць жыццё, нізкія даходы і нізкі ўзровень абароны - усё гэта здаецца лабірынтам, з якога няма выйсця.

“Дарагая мая моладзь, вы, як у хлебе, маеце патрэбу ў тым, каб хтосьці ўзяў вас за руку і дапамог пераадолець гэтую нестабільнасць і пачуццё пустэчы, выцягнуўшы вас з зыбучых пяскоў неабароненасці. Менавіта таму я хачу сказаць вам, што ваша ініцыятыва блізкая майму сэрцу!” – запэўніў Папа.

Другая крайнасць – ліхаманкавая гонка за павелічэннем вытворчасці любой цаной. Пастаянны ціск, прымусовыя рытмы, стрэс, які выклікае трывогу, адносіны, якімі ахвяруюць у імя прыбытку. Праца становіцца ўсё больш паскоранай і складанай. На заднім плане ўтойваюцца такія змрочныя з'явы, як нелегальная праца, дэгуманізацыя працы, калі штучны інтэлект і робататэхніка пагражаюць замяніць чалавека; і нарэшце, усё больш скандальная і трывожная праблема адсутнасці бяспекі на працоўных месцах.

Францішак заклікаў удзельнікаў ініцыятывы не губляць надзеі, таму што “праца заўсёды захоўвае ў сабе ўнікальнае і незаменнае пакліканне – надзею”. Надзея – гэта давер, які нараджаецца ў выніку мэтанакіраванага і сумеснага пошуку агульнага дабра. Праца дазваляе чалавеку адчуць сябе актыўным удзельнікам будаўніцтва грамадскага дабрабыту. Праца – гэта найважнейшы кампанент існавання чалавека, паколькі дае яму годнасць і надзею.

Папа адзначыў каштоўнае імкненне праекта LaborDì стварыць "трывалыя сувязі" паміж тымі, хто шукае працу, і тымі, хто можа дапамагчы маладым людзям скарыстацца працоўнымі магчымасцямі, і завяршыў пасланне заклікам да адзінага, агульнага абавязацельства, здольнага вырашыць асноўныя праблемы Італіі, такія як крызіс нараджальнасці, экалагічная праблема і занятасць.

13 снежня 2023, 11:17