Пошук

Францішак: Святы Дух – крыніца апостальскага запалу

Рысамі абвяшчэння Евангелля ў Святым Духу з’яўляюцца крэатыўнасць і прастата, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 снежня 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заўважыў, што абвяшчэнне Евангелля павінна быць не толькі радасным, адрасаваным усім і скіраваным да сучаснасці, пра што гаворка ішла ў яго папярэдніх катэхезах з цыклу аб апостальскім запале, але таксама павінна здзяйсняцца ў Святым Духу.

Каб “перадаваць Бога” не дастаткова радаснай пераканаўчасці сведчання, паўсюднасці абвяшчэння і актуальнасці паслання, бо “без Святога Духа ўсякі запал будзе марным і фальшыва апостальскім: будзе ўсяго толькі нашым і не прынясе ніякага плёну”, - зазначыў Пантыфік. Тэкст яго катэхезы зачытаў супрацоўнік Дзяржсакратарыяту, ксёндз Філіпа Чампанэлі.

Папа нагадаў, што “першым і найбольшым евангелізатарам” з’яўляецца Езус Хрыстус, які “захацеў запрасіць нас да супрацоўніцтва з Ім і абуджаць нас моцай свайго Духа”. Менавіта Святому Духу належыць першае месца – Ён з’яўляецца пратаганістам, які заўсёды апярэджвае місіянераў і дапамагае прарасці зерням веры, якія былі пасеяны. “Усведамленне гэтага нас вельмі суцяшае!”, - сцвердзіў Францішак.

У той жа час Пантыфік заўважыў, што першынства Святога Духа не павінна падштурхоўваць вернікаў да бяздзейнасці, а напаўняць даверам. “Жыццяздольнасць зерня, якое расце само па сабе, не вызваляе сялян ад абавязку клапаціцца пра поле. Езус, даючы апошнія парады перад узыходжаннем на неба, сказаў: “Прымеце моц Духа Святога, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі (...) ажно да краю зямлі” (Дз 1,8).

“Пан пакінуў нам не падручнікі па тэалогіі ці душпастырскія дапаможнікі, якімі павінны кіравацца, але Святога Духа, які натхняе місійную дзейнасць. І мужная вынаходлівасць, якую Дух улівае ў нас, вядзе нас да наследавання Яго стылю, які заўсёды мае дзве характарыстыкі: крэатыўнасць і прастату”, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што крэатыўнасць патрэбна, каб абвяшчаць Езуса з радасцю, усім і сёння. “У нашу эпоху, якая не спрыяе рэлігійным поглядам на жыццё”, калі “абвяшчэнне ў многіх месца стала складаным, цяжкім і здаецца бясплённым”, можа “ўзнікнуць спакуса адмовіцца ад пастырскага служэння”, - папярэдзіў Папа, заўважаючы, што гэта можа весці, напрыклад, да пошуку бяспечных асяроддзяў, звыклага паўтарэння таго, што рабілася заўсёды, спакуслівага звароту да індывідуалістычнай духоўнасці або нават да памылковага разумення сэнсу цэнтральнага месца літургіі.

“Гэта спакусы, якія маскіруюцца пад вернасць традыцыі, але часта, замест таго, каб быць адказамі Духу, з’яўляюцца рэакцыяй на асабістую незадаволенасць. У сваю чаргу, пастырская крэатыўнасць, мужнасць у Духу, паланне Яго місійным агнём, з’яўляюцца доказамі вернасці Яму”, - адзначыў Святы Айцец, нагадваючы, што “кожны раз, калі мы хочам звярнуцца да крыніцаў і знайсці першапачатковую свежасць Евангелля, нам адкрываюцца новыя шляхі, творчыя метады, іншыя формы выяўлення, найбольш выразныя знакі, словы, поўныя новага сэнсу для сучаснага свету”.

Гаворачы пра важнасць прастаты ў абвяшчэнні Евангелля, Францішак адзначыў, што Святы Дух вяртае нас да крыніцы, гэта значыць абуджае ў нас веру ў “Езуса Хрыста, які праз сваю смерць і ўваскрасенне аб’яўляе нам і перадае бясконцую міласэрнасць Айца”. У гэтым заключаецца “першае пасланне”, - падкрэсліў ён.

“Браты і сёстры, давайце дазволім Святому Духу захапіць нас і будзем звяртацца да Яго кожны дзень: няхай Ён стане пачаткам нашага быцця і нашай працы; няхай Ён будзе на пачатку кожнай дзейнасці, сустрэчы, сходу, абвяшчэння. Ён ажыўляе і амалоджвае Касцёл: разам з Ім мы не павінны баяцца, бо Ён, які з’яўляецца гармоніяй, заўсёды злучае крэатыўнасць і прастату, стварае камунію і пасылае на місію, адкрывае на адметнасці і вяртае да адзінства. Ён – наша сіла, подых нашага абвяшчэння, крыніца апостальскага запалу”, - зазначыў напрыканцы катэхезы Пантыфік.
 

06 снежня 2023, 10:25

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >