Пошук

Францішак да маладых выканаўцаў: спеў – гэта школа пакоры

Добры сумесны спеў патрабуе намаганняў, гэтак жа як і добрае суіснаванне, - звярнуў увагу Папа 30 снежня 2023 года падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Міжнароднай федэрацыі Pueri Cantores.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Радасць вашага спеву – гэта дар, які вы атрымалі ад тых, хто ствараў музыку, хто вучыць вас гэтаму, хто перадаваў яе вам, часам нават праз стагоддзі. (...) У свеце так патрэбна радасць! Многія людзі, нават маладыя, застаюцца вязнямі тугі або нуды; спевы і музыка могуць кранаць сэрцы, дарыць прыгажосць і вярнуць жаданне і надзею на жыццё”, - адзначыў Францішак.

Святы Айцец нагадаў сваім гасцям аб тым, што яны не проста артысты. “Дапамагайце іншым маліцца сваёй спеўнай малітвай”, - заклікаў ён. “Важна трымаць сваё сэрца побач з Езусам не толькі калі вы спяваеце, але і заўсёды, і гэта робіцца ў малітве, кожны дзень. Калі ваша сэрца напоўнена любоўю да Езуса, гэта адлюстроўваецца ў вашых галасах і падобна страле трапляе ў цэль, дасягаючы сэрцаў людзей”, - дадаў Францішак.

Ён прыраўнаў правілы супольнага спеву да стылю жыцця ў супольнасці. “Спяваючы і молячыся разам, у гармоніі, слухаючы адно аднаго, чакаючы адно аднаго, устрайваючы рытм кожнага ў рытм усіх, вы дапамагаеце супольнасці рабіць тое ж і вучыце, як выдатна ісці і расці разам”, - сказаў Папа.

Апроч таго, лічыць Пантыфік, “спеў – гэта школа пакоры, таму што спявак, нават выконваючы сольныя партыі, заўсёды з'яўляецца часткай хору, які стаіць вышэй за яго і ў якім кожны знаходзіцца на службе ва ўсіх, нават дырыжор”.

“Выканаўца, які імкнецца ставіць сябе ў цэнтр, пераважаць над іншымі, не з'яўляецца добрым спеваком, наадварот, ён часта рызыкуе сапсаваць усім працу, і гэта адразу адчуваецца. Таму не спявайце напаказ: лепш паспрабуйце зліцца ў адно, каб у еднасці, якая вынікае з пакоры, ваш спеў выказваў сапраўднае сяброўства з Богам, з іншымі і паміж вамі”, - параіў Святы Айцец сваім маладым гасцям.

“Дарагія дзеці, як многаму вучыць нас музыка! А тым больш сакральная музыка, душой якой з'яўляецца Слова Божае. Вам пашанцавала, што вы атрымалі гэты дар, і пашанцавала тым, хто слухае вас, калі вы дзеліцеся ім. Дзякуй Вам за ваша служэнне! Працягвайце выконваць яго з запалам, пад кіраўніцтвам вашых педагогаў”, - звярнуўся Францішак.
 

30 снежня 2023, 11:00