Пошук

Жыхар сектара Газа сярод руін дома, разбуранага ў выніку ізраільскага ракетнага ўдару Жыхар сектара Газа сярод руін дома, разбуранага ў выніку ізраільскага ракетнага ўдару  (AFP or licensors)

Святы Айцец паразмаўляў з Прэзідэнтам Ірана

5 лістапада 2023 года Францішак паразмаўляў па тэлефоне з Прэзідэнтам Ірана Ібрагімам Раісі, - паінфармаваў кіраўнік Залы Друку Матэа Бруні, удакладняючы, што размова адбылася па ініцыятыве іранскага боку.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сайт Прэзідэнта Ірана паведаміў, што Раісі ацаніў заклікі Папы да спынення агню ў Газе. Гэту просьбу Святы Айцец паўтарыў падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі на плошчы святога Пятра, заклікаючы таксама прыкласці ўсе намаганні, каб не дапусціць пашырэння канфлікту, дапамагчы параненым і даставіць гуманітарную дапамогу жыхарам Газы. Ён заахвоціў неадкладна вызваліць заложнікаў, падкрэсліваючы, што сярод іх шмат дзяцей, якія павінны вярнуцца ў свае сем’і.

30 кастрычніка сітуацыя на Блізкім Усходзе была тэмай тэлефоннай размовы паміж арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, і Хасэйнам Амірам-Абдалахіянам, Міністрам замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран.

Цягам апошніх дзён Пантыфік правёў перамовы адносна абвастрэння канфлікту ў Святой Зямлі з некаторымі іншымі палітычнымі лідарамі: 2 лістапада ён размаўляў з Прэзідэнтам Палестыны Махмудам Абасам, 26 кастрычніка – з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, а 22 кастрычніка – з Прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
 

06 лістапада 2023, 10:35