Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік лідарам Лацінскай Амерыкі: спрыяць сацыяльнай гармоніі

Наследаваць стыль Добрага Самараніна ў палітычнай дзейнасці, а таксама весці дыялог з павагай, каб зрабіць палітычнае жыццё спрыяннем сацыяльнай гармоніі, - заклікаў Папа палітыкаў з Лацінскай Амерыкі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў сустрэчы пастыраў і свецкіх вернікаў з палітычнымі лідарамі так званых “баліварыянскіх краін”, да якіх сябе адносяць Балівія, Калумбія, Эквадор, Панама, Перу і Венесуэла. Форум праходзіў з 22 па 24 лістапада 2023 года ў Багаце.

Папа заахвоціў да захавання ў Лацінскай Амерыцы повязяў братэрства, якія характарызуюць мясцовую тоеснасць, што ўзнікла на падставе злучэння даіспанскай культуры і розных еўрапейскіх традыцый.

Пантыфік адзначыў незаменны ўклад Касцёла ў жыццё гэтых народаў, заклікаючы мясцовыя каталіцкія супольнасці спрыяць гуманізацыі і сацыяльнай згуртаванасці, памятаючы, што на першым месцы для хрысціян павінна быць радаснае абвяшчэнне Евангелля. Ён заклікаў да прымірэння і ўзаемнага прабачэння ў Лацінскай Амерыцы.

Францішак адзначыў, што для рэалізацыі палітыкі, заснаванай на братэрстве, лідары павінны браць прыклад з Езуса Хрыста, як у прыватным, так і ў грамадскім жыцці, Папа заклікаў палітыкаў наследаваць стыль Добрага Самараніна, пазбягаючы экстрэмізму, месіянства і агрэсіі, а таксама весці дыялог з павагай, вучыцца ў іншых, нават у праціўнікаў, каб зрабіць палітычнае жыццё спрыяннем сацыяльнай гармоніі, у якой усе змогуць прызнаць сябе братамі і сёстрамі.
 

25 лістапада 2023, 11:52