Пошук

Сваякі палесцінскіх і ізраільскіх зняволеных пра сустрэчу з Папам

Прадстаўнікі ізраільскай і палесцінскай дэлегацый, якіх 22 лістапада 2023 года прыняў асобна на аўдыенцыях Францішак, падзяліліся сваім досведам і ўражаннямі ад сустрэчы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Раніцай перад агульнай аўдыенцыяй Святы Айцец прыняў асобна дзве дэлегацыі: ізраільяцян, сваякі якіх утрымліваюцца ў заложніках ХАМАС, і палесцінскіх хрысціян і мусульман, сваякі якіх зняволеныя ў Ізраілі.

Пасля сустрэчы з Папам ізраільская дэлегацыя, якая складалася з дванаццаці сваякоў заложнікаў, правяла прэс-канферэнцыю, на якой падзяліліся сваім горам у сувязі з выкраданнем блізкіх і надзеяй неўзабаве ўз'яднацца з імі. Яны падзякавалі Францішку за тое, што ён выслухаў іх гісторыі і паспачуваў ім.

Адна з удзельніц сустрэчы, Рэйчел Голдберг, чый 23-гадовы сын, паранены ў руку, узяты ў палон ХАМАС, сказала, што адчула суперажыванне і клопат Папы пра ўсіх ізраільскіх заложнікаў і пра ўсіх людзей у Газе, якія таксама пакутуюць. З абодвух бакоў ёсць нявінныя ахвяры, і “гэта важна для ўсіх неабыякавых людзей. Безумоўна, гэта вельмі важна для Святога Айца”, - падкрэсліла Рэйчел Голдберг.

"Францішак з'яўляецца не толькі духоўным лідарам двух мільярдаў хрысціян, але і бясспрэчным маральным аўтарытэтам ва ўсім свеце. Гэта адчуваюць і ў мусульманскім свеце, і гэта асабліва важна для нас. Яго голас ўплывае на магутных людзей, каб яны таксама ведалі, што сёння прыярытэтам з'яўляецца вызваленне ўсіх заложнікаў”, - сказала Рэйчел Голдберг.

У інтэрв'ю ватыканскім СМІ прадстаўніца палесцінскай дэлегацыі Сухаір Анастас адзначыла, што ўсе прысутныя на аўдыенцыі распавядалі розныя гісторыі, але ўсе яны заканчваліся аднолькава: “Людзі ў Газе паміраюць”. Жанчына жыла ў Газе яшчэ чатыры дні таму. Разам са сваёй 16-гадовай дачкой яна ўцякла дзякуючы канадскаму пашпарту.

Анастас распавяла пра свой цяжкі досвед: ёй пашанцавала, яна знайшла прытулак у храме. “Але ў той жа час гэта было небяспечнае месца. Нідзе ў Газе не бяспечна. (…) Вы проста засынаеце і не ведаеце, ці прачнецеся на наступную раніцу з-за ўсіх гэтых выбухаў”. Потым яны набраліся смеласці пакінуць касцёл і адправіліся ў Рафах на машыне, якая везла хворых. “Меркавалася, што мы працягнем рух, але вайскоўцы спынілі нас і запатрабавалі вярнуць машыну”, - распавяла палесцінка. Бежанцы пайшлі пешшу, і ў той жа час ішлі баі, была перастрэлка, выбухі. Азірацца назад не дазвалялася. “Ты проста працягваеш ісці, падняўшы руку з белым сцягам. Дзецям было страшна. Сямігадовая дзяўчынка, якая была з намі, кожную хвіліну пыталася: Мама, мы памром? Гэта быў вельмі разбуральны вопыт”, - падзялілася Сухаір Анастас.

На пытанне пра што яна марыць для сябе і сваёй сям'і палесцінка адказала так: “Кожны хоча лепшага для сваіх дзяцей, лепшага жыцця, лепшай адукацыі. Спадзяюся, гэта будзе магчыма. Спадзяюся, што можна будзе вярнуцца ў нашы дамы і жыць там, я мару пра бяспечнае жыццё”.

23 лістапада 2023, 14:03