Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа: трэба вярнуць сабе місійную радасць першых хрысціян

Абвяшчэнне Евангелля ў актуальным свеце патрабуе ад нас “прароцкага супраціву” перад абліччам “ідалапаклонніцкага геданістычнага індывідуалізму”, - перакананы Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

24 лістапада 2023 года Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў канферэнцыі, арганізаванай Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека з нагоды 10-годдзя яго першай Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium.

Святы Айцец заклікаў вернікаў вярнуць сабе місійную радасць першых хрысціян, якія ішлі насустрач людзям, нягледзячы на знявагі, катаванні і пераслед, шукаючы тых, хто быў далёкім ад веры, і запрашаючы адчужаных тагачасным грамадствам. Ён заўважыў, што ў наш час цяжкасці “менш выразныя, але больш падступныя”. “Паколькі яны не такія відавочныя, яны дзейнічаюць як анестэзія або як угарны газ са старых пліт, які забівае бясшумна”, - дадаў Папа.

“Абвяшчэнне Евангелля ў актуальным свеце патрабуе ад нас “прароцкага супраціву як культурнай альтэрнатывы” перад абліччам “ідалапаклонніцкага геданістычнага індывідуалізму” і “сістэмы, якая забівае, адчужае, знішчае чалавечую годнасць”, - сцвердзіў Францішак, заклікаючы прапаведваць па прыкладзе Езуса Хрыста, ставячы ў цэнтр бедных.

Пантыфік нагадаў, што сам Езус пажадаў стаць адным з іх: нарадзіўся ў стаенцы паміж жывёл і сялян, рос сярод людзей працы і зарабляў на жыццё сваімі рукамі, акружаў сябе натоўпамі людзей, якія лічыліся непажаданымі, атаясаміў сябе з імі, змясціў іх у цэнтр свайго сэрца, ім першым абвяшчаў Добрую навіну, заклікаючы ўсіх даць ім есці, справядліва дзяліцца з імі сваімі дабротамі і абараняць іх.

“Таму Папа не можа перастаць ставіць бедных у цэнтр. Гэта не палітыка, не сацыялогія, не ідэалогія – гэта чыстае і простае патрабаванне Евангелля”, - напісаў Францішак, падкрэсліваючы, што вырашэнне праблемы беднасці патрабуе глыбокай змены ладу мыслення і структур.

Без гэтай змены “мы будзем асуджаны бачыць як паглыбляецца крызіс у сферы клімату, аховы здароўя, міграцыі і асабліва насілле і войны, якія пагражаюць усёй чалавечай сям’і – бедным і багатым, інтэграваным і адчужаным, бо мы ўсе знаходзімся ў адной лодцы і ўсе пакліканы веславаць разам”. “Хто думае, што зможа ўратавацца ў адзіночку, у гэтым свеце ці ў іншым, той памыляецца”, - папярэдзіў Святы Айцец.
 

25 лістапада 2023, 09:31