Пошук

Сустрэча з удзельнікамі семінара аб этыцы ў кіраванні сферай аховы здароўя Сустрэча з удзельнікамі семінара аб этыцы ў кіраванні сферай аховы здароўя  (Vatican Media)

Пантыфік: не толькі лячыць хваробы, але дбаць пра захаванне здароўя

“Дзякуй Богу, у мяне няма пнеўманіі”, - прызнаўся Святы Айцец. Ён распавёў пра стан свайго здароўя і асаблівым чынам адзначыў каштоўнасць прафілактычнай медыцыны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

30 лістапада 2023 года Францішак сустрэўся ў Ватыкане з удзельнікамі семінара, прысвечанага пытанням этыкі ў кіраванні сферай аховы здароўя, які прайшоў у Рыме. “Як вы можаце бачыць, я яшчэ жывы”, - пажартаваў ён у кароткім прывітанні, падкрэсліваючы, што ўрач “не дазволіў” яму адправіцца ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

“Справа ў тым, што там вельмі спякотна і трэба будзе пераходзіць са спякоты ў памяшканні, дзе працуюць кандыцыянеры”, - патлумачыў Папа, дадаючы, што гэта небяспечна для яго сітуацыі са здароўем.

“Дзякуй Богу, у мяне не пнеўманія. Гэта толькі бранхіт, вельмі востры, інфекцыйны. У мяне больш няма павышанай тэмпературы, але я працягваю прымаць антыбіётыкі і іншыя лекі”, - падзяліўся Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што лічыць тэму клопату пра захаванне здароўя вельмі важнай, бо яго “занядбанае прыводзіць да ўразлівасці”. “Мне вельмі падабаецца прафілактычная медыцына”, - дадаў ён, нагадваючы, што важна не толькі шукаць медыцынскія і фармакалагічныя рашэнні ў барацьбе з хваробамі, але таксама дбаць пра захаванне здароўя, “не толькі лячыць, але і захоўваць”.
 

30 лістапада 2023, 12:17