Пошук

Пантыфік журналістам: не паддавацца спакусе сеяць нянавісць

Выхоўваць розумы і сэрцы, вучыць мужчын здаровым адносінам з жанчынамі і абараняць годнасць усіх людзей заахвоціў Францішак прадстаўнікоў італьянскіх СМІ.

Марыя Валодзіна - Vatican News

23 лістапада 2023 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Італьянскай федэрацыі каталіцкіх штотыднёвых выданняў, італьянскага Саюза перыядычнай прэсы і журналісцкіх асацыяцый Corallo і Aiart. У сваёй прамове Папа нагадаў гасцям пра тры асноўныя напрамкі, якія яны не павінны выпускаць з-пад увагі.

Першы напрамак – адукацыя. Гэта жыццёва важнае пытанне, таму што на карту пастаўлена будучыня грамадства. Але як навучаць маладое пакаленне, усё больш пагружанае ў лічбавы кантэкст? Папа параіў супрацоўнікам СМІ натхняцца евангельскімі словамі: “Будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы” (Мц 10, 16).

На думку Францішка, “разважлівасць і прастата – два асноўных адукацыйных кампанента, якія дазваляюць арыентавацца ў сённяшнім складаным кантэксце, асабліва ў Інтэрнэце, дзе трэба не быць наіўным, і ў той жа час нельга паддавацца спакусе сеяць гнеў і нянавісць. Каталіцкія СМІ нясуць у дамы людзей мудры погляд: не толькі паведамляюць пра падзеі, але і перадаюць чалавечае і хрысціянскае бачанне, выхоўваюць розумы і сэрцы.

Пантыфік заклікаў журналістаў спрыяць экалогіі адносін, памятаць, што за навінамі і сенсацыямі стаяць пачуцці, гісторыі, людзі з плоці і крыві, якіх трэба паважаць, як сваіх сваякоў. Святы Айцец узгадаў сумныя факты італьянскай хронікі пра гвалт у дачыненні да жанчын. Ён заклікаў журналістаў выхоўваць у мужчынах павагу да жанчын, вучыць іх здаровым адносінам і клопату.

Другі напрамак – гэта абарона. У лічбавай камунікацыі ўсё адбываецца на вачах усіх, кожны чалавек становіцца аб'ектам назірання. Разбураецца павага да іншага. Таму вельмі важна прасоўваць інструменты, якія б абаранялі ўсіх, асабліва непаўналетніх, пажылых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ад негатыўных аспектаў лічбавых тэхналогій, правакацыйных і палемічных адносін.

Папа заклікаў спецыялістаў па камунікацыі падтрымліваць прынцыпы інфармацыйнай свабоды і спрыяць камунікатыўнай дэмакратыі. Дзейнічаць без страху, як Давід супраць Галіяфа, таму што яны пакліканы да вялікай задачы: абараняць словамі і вобразамі годнасць людзей, асабліва малых і бедных.

Нарэшце, трэці напрамак – сведчанне. Францішак прывёў у прыклад благаслаўлёнага Карла Акуціса, які “не трапіў у пастку”, а стаў сведкам Евангелля, каштоўнасцяў і прыгажосці. Сведчанне – гэта прароцтва, творчасць і здольнасць ісці супраць плыні: у эгаістычным свеце казаць пра братэрства, у ваюючым свеце – пра мір, у нецярплівым і абыякавым свеце – пра ўвагу да бедных, - сказаў Пантыфік.

23 лістапада 2023, 11:55