Пошук

Папа падчас сустрэчы з Махмудам Абасам. Архіўнае фота (04.11.2021) Папа падчас сустрэчы з Махмудам Абасам. Архіўнае фота (04.11.2021)  (Vatican Media)

Францішак правёў тэлефонную размову з Махмудам Абасам

2 лістапада 2023 года прайшла тэлефонная размова Папы з Прэзідэнтам Палестыны. Гаворка ішла пра намаганні па дасягненні неадкладнага спынення агню на Блізкім Усходзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні, тэлефонная размова паміж Францішкам і Махмудам Абасам прайшла ў другой палове дня 2 лістапада 2023 года.

Прэзідэнт Палестыны выказаў сваю ўдзячнасць за ролю Францішка ў падтрымцы намаганняў па мірабудаўніцтву ў рэгіёне і ў свеце. Махмуд Абас падкрэсліў жыццёва важнае значэнне працягу намаганняў Святога Пасада па забеспячэнні неадкладнага спынення агню, каб пазбавіць мірных жыхароў ад жахаў вайны. Ён падкрэсліў тэрміновую неабходнасць стварэння пастаянных гуманітарных калідораў для дастаўкі медыкаментаў і прадуктаў харчавання, а таксама вады і электрычнасці ў Газу, - паведаміла палестынскае агенцтва Wafa.

Францішак неаднаразова заклікаў да мірнага рашэння канфлікту, які пачаўся 7 кастрычніка 2023 года, нагадваючы пра неабходнасць дасягнення перамір'я, вызвалення закладнікаў, якія знаходзяцца ў руках ХАМАС, і аказання гуманітарнай дапамогі насельніцтву Газы.

22 кастрычніка Папа правёў тэлефонную размову з Прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, а 26 кастрычніка – з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Падчас гэтых тэлефонных гутарак ён сцвердзіў неабходнасць знайсці шляхі да міру і выказаў надзею на магчымасць дасягнуць рашэння аб стварэнні дзвюх дзяржаў з асаблівым статусам Іерусаліма.

03 лістапада 2023, 12:40