Пошук

Папа: дзеці вучаць прыгажосці жыцця ў прастаце і быцця разам

Дзеці могуць многаму навучыць дарослых, бо нагадваюць наколькі прыгожым з’яўляецца жыццё ў прастаце і прабыванне разам, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 лістапада 2023 года Францішак сустрэўся ў ватыканскай Зале Паўла VI з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з розных краін свету, якія прынялі ўдзел у ініцыятыве Дыкастэрыі па культуры Дзеці сустракаюць Папу. Ён падкрэсліў, што дзеці могуць многаму навучыць дарослых, бо нагадваюць наколькі прыгожым з’яўляецца жыццё ў прастаце і прабыванне разам.

Святы Айцец нагадаў, што ў Касцёле кожнае дзіця павінна адчуваць сябе як дома: прынятым з вялікай любоўю, прыгожай усмешкай, адбымкамі і пяшчотай. Ён запэўніў у жаданні прынесці абдымкі Бога і Касцёла ўсім дзецям, асабліва тым, якія пакутуюць ад вайны, голаду, хваробаў, кліматычных зменаў і беднасці.

Папа заахвоціў дзяцей клапаціцца пра прыроду, падкрэсліваючы, што знічаць навакольнае асяроддзе, значыць знішчаць саміх сябе. Ён звярнуў увагу на шматлікія войны, якія ідуць у розных частках свету, забіраючы ў людзей спакой і жыццё, а таксама заклікаў працаваць на карысць міру. Мір будуецца дзякуючы працягнутай па-сяброўску руцэ і жаданню заахвоціць іншых людзей ісці разам, - падкрэсліў Святы Айцец, а таксама памаліўся разам са сваімі маленькімі гасцямі за дзяцей, якія загінулі ў выніку войнаў. 

06 лістапада 2023, 16:18