Пошук

Папа: Шарль дэ Фуко дае прыклад абвяшчэння Евангелля лагоднасцю

Першы крок да евангелізацыі – паставіць Езуса Хрыста ў цэнтр жыцця, - падкрэсліў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 18 кастрычніка 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу святому Шарлю дэ Фуко, які, “абапіраючыся на свой інтэнсіўны досвед Бога, здзейсніў шлях перамянення, каб адчуць, што ён – брат усіх людзей”. У маладосці гэты святы жыў удалечыні ад Бога, “не верачы ні ў што, акрамя бязладнага пошуку задавальненняў”, але потым перажыў духоўнае навяртанне, і як сам прызнаваўся, “згубіў сэрца дзеля Езуса з Назарэту”.

“Брат Шарль нагадвае нам, што першы крок да евангелізацыі – паставіць Езуса на самае важнае месца ў сэрцы, “згубіць галаву” з-за Яго. Калі гэтага не адбудзецца, нам будзе складана сведчыць пра Яго жыццём. Мы рызыкуем распавядаць пра саміх сябе, пра нашу групу, пра этыку, ці, яшчэ горш, пра звод правіл, але не пра Езуса, Яго любоў і Яго міласэрнасць. Гэта я бачу ў некаторых новых рухах, якія з’яўляюцца: яны кажуць пра сваё бачанне чалавецтва, пра сваю духоўнасць, адчуваць сябе новым шляхам... Але чаму вы не кажаце пра Езуса? Кажуць пра многія рэчы, пра арганізацыю, духоўныя шляхі, але няздольныя казаць пра Езуса”, - з жалем заўважыў Пантыфік.

Шарль дэ Фуко прайшоў доўгі шлях ад захаплення Хрыстом да наследавання Яго. Па парадзе свайго спаведніка ён адправіўся ў Святую Зямлю і асабліва ў Назарэце зразумеў, што павінен вучыцца ў Хрыста. “Ён перажываў інтэнсіўныя адносіны з Ім, праводзіў доўгія гадзіны за чытаннем Евангелля і адчуў сябе Яго малодшым братам. А калі пазнаў Езуса, у яго нарадзілася жаданне знаёміць з Ім іншых”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што Шарль дэ Фуко прагнуў, каб “усё наша жыццё абвяшчала Евангелле”. Ён сам вырашыў пасяліцца ў аддаленым рэгіёне, каб “абвяшчаць Евангелле” ў цішыні, жывучы ў духу Назарэта, у беднасці і непрыкметнасці: “адправіўся ў пустыню Сахара, пасяліўся паміж нехрысціянаў, дасягнуўшы іх як сябар і брат, і нёс ім лагоднасць Езуса- Эўхарыстыі”.

Шарль дэ Фуко дазволіў Хрысту дзейнічаць у цішыні з упэўненасцю ў тым, што “эўхарыстычнае жыццё” евангелізуе. “Ён лічыў, што Хрыстус з’яўляецца першым евангелізатарам. Таму каля дзесяці гадзін у дзень прабываў на малітве каля ног Езуса перад табернакулюмам, упэўнены, што менавіта ў гэтым заключаецца сіла евангелізацыі, і адчуваючы, што менавіта Езус набліжае яго да многіх далёкіх братоў і сёстраў”, - сказаў Папа, запрашаючы вернікаў задумацца: “Ці верым мы таксама ў моц Эўхарыстыі? Ці нашае імкненне да іншых, наша служэнне знаходзіць пачатак і спаўненне ў адарацыі?”.

Святы Шарль дэ Фуко пісаў, што “кожны хрысціянін – апостал”, і што “трэба, каб побач са святарамі знаходзіліся свецкія вернікі, якія бачаць тое, што не бачыць святар, якія евангелізуюць блізкасцю любові, дабрынёй да ўсіх, прыязнасцю, якую заўсёды гатовы падарыць”.

“Ён апярэдзіў Другі Ватыканскі Сабор, адчуваючы важнасць свецкіх вернікаў і разумеючы, што абвяшчэнне Евангелля належыць усяму Божаму народу. Але якім чынам мы можам умацаваць гэты ўдзел? – Як рабіў Шарль: становячыся на калені і прымаючы дзейнасць Духа, які заўсёды стварае новыя спосабы для заахвочвання, сустрэчы, слухання і дыялогу, заўсёды ў супрацоўніцтве і з даверам, заўсёды ў адзінстве з Касцёлам і пастырамі”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што Шарль дэ Фуко – гэта “прарочая постаць для нашага часу”. “Ён даў нам сведчанне прыгажосці перадачы Евангелля праз апостальства лагоднасці: ён, які адчуваў сябе братам усіх і прымаў усіх, паказвае нам евангелізацыйную сілу ласкавасці”, - дадаў Пантыфік.

“Ён хацеў, каб кожны чалавек, якога сустракае, бачыў, праз яго дабрыню, дабрыню Езуса. Ён казаў, што з’яўляецца “слугой Таго, хто нашмат дабрэйшы за яго”. Пазнанне дабрыні Езуса прывяло яго да братэрскіх повязяў і сяброўства з беднымі, з туарэгамі, з самымі далёкімі ад яго тоеснасці”. Гэтыя повязі паступова стваралі братэрства, інклюзіўнасць, павагу да культуры іншага. Дабрыня – простая і патрабуе быцця простымі людзьмі, якія не баяцца дарыць усмешку”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў па прыкладзе святога Шарля дэ Фуко сведчыць Евангелле, несучы іншым хрысціянскую радасць, ласкавасць, спагаду і блізкасць.
 

18 кастрычніка 2023, 10:03

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >