Пошук

Францішак: Марыя заклікае наследаваць Езуса на шляху міру і дыялогу

Багародзіца заахвочвае ўсіх нас жыць паўсюдным братэрствам, без межаў, без адчужэння – братэрствам, якое рассейвае цені закрытага асяроддзя, нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 кастрычніка 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Брацтва Маці Божай Мансэрацкай. Сустрэча адбылася з нагоды 800-годдзя гэтага аб’яднання вернікаў, мэта якога заключацца ў пашырэнні марыйнай пабожнасці. У рамках юбілею каля тысячы прадстаўнікоў руху прыбылі з пілігрымкай у Рым.

Францішак нагадаў, што Марыя з’яўляецца “Маці Бога і нашай Маці”: Яна дапамагае вырашаць канфлікты і праблемы, развязвае вузлы, “якія могуць узнікнуць у нас і паміж намі”.

“Варта сказаць, што Марыя пракладае таксама шлях сяброўства паміж народамі, запрашаючы нас скіраваць позірк на вытокі і мэту нашага існавання: на Езуса Хрыста, і заахвочвае нас наследаваць Яго прыклад, ідучы шляхам міру, дабрыні, слухання, цярплівага і даверлівага дыялогу”, - дадаў ён.

Францішак згадаў, што на абразе Маці Божай Мансэрацкай Багародзіца трымае на каленях маленькага Езуса Хрыста, а ў руцэ – сферу, якая сімвалізуе ўвесь свет і запрашае нас адкрыць новыя шляхі да сапраўднага братэрства – “жыць гэтым паўсюдным братэрствам, без межаў, без адчужэння, братэрствам, якое рассейвае цені закрытага асяроддзя”.

“Яна ўважлівая не толькі да Езуса, але таксама да “астатніх яе нашчадкаў” (Ап 12,17). Сілай Уваскрослага Яна хоча нарадзіць новы свет, дзе ўсе будуць братамі, дзе будзе месца для кожнага адчужанага ў нашым грамадстве, дзе заззяюць справядлівасць і мір”, - дадаў Святы Айцец.
 

07 кастрычніка 2023, 11:40