Пошук

Францішак у акне Апостальскага палаца разам з дзецьмі Францішак у акне Апостальскага палаца разам з дзецьмі 

Папа: будзе глабальны дзіцячы форум і дакумент аб святой Тэрэзе

Дзеці з усяго свету з’едуцца ў Ватыкан на адмысловы форум. Аб гэтым абвясціў 1 кастрычніка 2023 года Папа. Ён анансаваў таксама выхад прысвечанага святой Тэрэзе ад Дзіцятка Езуса дакумента.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Хачу паведаміць, што ў другой палове дня 6 лістапада 2023 года ў Зале імя Паўла VI я сустрэнуся з дзецьмі з усяго свету. Мерапрыемства, арганізаванае Дыкастэрыяй па культуры і адукацыі, пройдзе пад дэвізам Вучымся ў хлопцаў і дзяўчат”, - заявіў Францішак пасля малітвы Анёл Панскі. Разам з ім у акне Апостальскага палаца можна было ўбачыць пяцярых дзяцей, якія прадстаўлялі пяць кантынентаў.

Ён патлумачыў, што “сустрэча, закліканая ўвасобіць мару кожнага: вярнуцца да чыстых пачуццяў, як у дзяцей, таму што Валадарства Божае належыць тым, хто падобны да іх”. На думку Папы, “дзеці вучаць нас яснасці адносін, спантаннаму прыняццю незнаёмцаў і павазе да ўсяго стварэння”.

“Дарагія дзеці, чакаю вас усіх; я таксама хачу вучыцца ў вас”, - звярнуўся Святы Айцец.

Ва ўспамін святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса ён анансаваў таксама публікацыю прысвечанай ёй апостальскай адгартацыі. Яна будзе абнародавана неўзабаве, 15 кастрычніка 2023 года. “Памолімся праз заступніцтва святой Тэрэзы да Маці Божай, каб дапамагла нам сілкаваць надзею і працаваць дзеля місій”, - заклікаў Францішак.
 

01 кастрычніка 2023, 13:21