Пошук

Пантыфік на Сінодзе: не засмучаць Святога Духа пустаслоўем

Папа ўзяў слова падчас генеральнай кангрэгацыі, якой адкрылася першая сесія XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яна прайшла ў другой палове дня 4 кастрычніка 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заняў месца за сталом разам з іншымі 464 удзельнікамі сінадальнага сходу, з якімі падзяліўся сваімі чаканнямі адносна чатырох бліжэйшых тыдняў працы асамблеі. Ён заахвоціў да ўважлівага слухання, стварэння месца для Святога Духа, малітвы і рэфлексіі, а таксама да пазбягання прасоўвання мірскіх інтарэсаў і ідэалогій.

Галоўнай дзеючай асобай Сінода з’яўляецца Святы Дух, таму “не будзем засмучаць Яго пустаслоўем і балбатнёй, шырока распаўсюджанай хваробай у Касцёле”, - сказаў ён, заклікаючы таксама пазбягаць пляткарства. “Калі ты не згодны з тым, што кажа біскуп, законніца або свецкі вернік, скажы яму гэта ў вочы. Менавіта для гэтага ёсць Сінод – каб казаць праўду, а не распаўсюджваць плёткі”, - дадаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што патрэбны “аскетызм, пэўны пост у словах”. Ён асаблівым чынам звярнуўся да журналістаў, нагадваючы, што падчас папярэдніх сінадальных сходаў іх удзельнікі адчувалі ціск з боку СМІ, што факусіравалі ўвагу толькі на некаторых пытаннях. Напрыклад, падчас Сінода аб сям’і медыя прадстаўлялі сход як дыскусію на тэму Камуніі для разведзеных; падчас Сінода аб Амазоніі – адносна жанатых мужчын, якія ў місійных краінах маглі б стаць святарамі; перад цяперашнім Сінодам – уздымаецца дыскусія пра святарства жанчын. Папа заклікаў прадстаўнікоў СМІ “добра і справядліва выконваць сваю працу, каб Касцёл і людзі добрай волі зразумелі, што нават у Касцёле прыярытэтам з’яўляецца слуханне”.
 

05 кастрычніка 2023, 09:20