Пошук

Партрэт Пія VII (Мастак: Жак-Луі Давід) Партрэт Пія VII (Мастак: Жак-Луі Давід) 

Францішак пра Пія VII: мужны пастыр і пасол міру

Папа Пій VII быў славутым сынам, адважным пастарам і клапатлівым абаронцам Касцёла – гаворыцца ў пасланні Францішка з нагоды двухсотгоддзя з дня яго смерці.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У лісце да біскупа Дугласа Рэгацьеры з дыяцэзіі Чэзены-Сарсіны Святы Айцец ушанаваў памяць аднаго з сваіх папярэднікаў, Пія VII – “асобы глыбокай веры, лагоднасці, чалавечнасці і міласэрнасці”. Ён адрозніваўся “кампетэнтнасцю і разважлівасцю перад тымі, хто перашкаджаў Libertas Ecclesiae”, вытрымаўшы цяжкія выпрабаванні на працягу дваццаці трох гадоў свайго пантыфікату.

“Нягледзячы на палітычныя і сацыяльныя ўзрушэнні, якія пазначылі той час, ён, даверыўшыся Божай волі, з узорнай паслухмянасцю прыняў прыніжэнне выгнання”, - напісаў Францішак, маючы на ўвазе выкраданне Пія VII з Квірынальскага палаца ў часы акупацыі Рыма войскамі Напалеона. Яно адбылося ў ноч з 5 на 6 ліпеня 1809 года і працягвалася да студзеня 1814 года.

Па словах Францішка, Папа Пій VII "адрозніваўся харызмай і дабрынёй душы”, быў “чалавекам дальнабачнага інтэлекту”, меў шырокую тэалагічную адукацыю, атрыманую ў бенедыктынскіх абацтвах і паводзіў сябе з “вялікай мудрасцю", стаўшы паслом міру сярод тых, хто валодаў свецкай уладай. Нягледзячы на ўведзеныя абмежаванні, ён працягваў “без усялякага страху абвяшчаць суцяшальную сілу Евангелля”.

Напрыканцы паслання Францішак выказаў надзею на тое, што год памяці Пія VII дазволіць вернікам лепш пазнаёміцца з постаццю гэтага Пантыфіка, каб яна “абудзіла ў іх запал да служэння бліжняму і будавання гарманічнага грамадства”.

13 кастрычніка 2023, 12:11