Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак: не забываць пра тых, хто не можа пракарміць сябе

Мы марым пра свет, у якім кожны чалавек мае ваду, хлеб, працу, лекі, зямлю і жыллё, - гаворыцца ў пасланні Францішка да ўдзельнікаў Villaggio Coldiretti – выставы сельскагаспадарчай прадукцыі з розных рэгіёнаў Італіі, якая прайшла ў Рыме 13-15 кастрычніка 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што ў энцыкліцы Mater et Magistra святы Ян XXIII падкрэсліваў каштоўнасць сельскагаспадарчай працы для інтэгральнага развіцця асобы як на індывідуальным, так і на грамадскім узроўні, а таксама для рэалізацыі Божай задумы. Стварэнне было задумана Богам як дар і спадчына, давераныя чалавеку, каб той захоўваў яе і імкнуўся давесці яе да дасканаласці.

Чалавеку даручана апрацоўваць і ахоўваць зямлю

Як гаворыцца ў Кнізе Быцця, Бог даверыў чалавеку свой сад, каб ён апрацоўваў і ахоўваў яго. Клопат пра зямлю – гэта матэрыяльны і маральны доўг чалавека. Зямляробства робіць зямлю больш прыгожай і плённай, у той час больш гасціннай і здатнай для жыцця людзей. “Калі чалавек працуе, ён змяняе навакольны свет, але і змяняецца сам, становіцца больш адказным і шчодрым”, - адзначыў Францішак.

Жорсткае абыходжанне з зямлёй мае высокую цану

У цяперашні час мы назіраем развіццё усё больш эфектыўных новых тэхналогій, якія дазваляюць чалавеку нарошчваць уладу над прыродай, часта часта прымушаючы зямлю пладаносіць. Такое безразважнае і прымусовае выкарыстанне тэхналогіі мае вельмі высокую цану. Чым больш мы злоўжываем зямлёй, забруджваем ваду і паветра, знішчаем біяразнастайнасць, высякаем лясы і ставім пад пагрозу экасістэмы, тым цяжэй становіцца спраўляцца з кліматычным крызісам, - папярэдзіў Святы Айцец.

Выкараненне несправядлівасці

Высокую цану плаціць не толькі прырода, але і бедныя, няздольныя пракарміць сябе. Усе мы абавязаны выкараніць гэтую несправядлівасць канкрэтнымі дзеяннямі, мець смеласць рабіць правільны, а не толькі карысны, зручны, прыбытковы выбар, каб забяспечыць усё насельніцтва свету неабходнай ежай, - заклікаў Францішак.

Кірмаш Villaggio Coldiretti ў Рыме
Кірмаш Villaggio Coldiretti ў Рыме
16 кастрычніка 2023, 11:42