Пошук

Францішак пажадаў законніцам заставацца простымі і шчодрымі

Сеяць у свеце маленькія пярліны евангельскай пяшчоты, - да гэтага Францішак запрасіў Малых Сясцёр Езуса. Ён сустрэўся з прадстаўніцамі манаскай кангрэгацыі 2 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа назваў самым галоўным у жыцці законніцы – пошук Бога. “Настаўнік чакае вас ля студні свайго Слова, жывой вады, якая наталяе смагу нашых жаданняў. (...) У святле Яго Слова вы зможаце распазнаць жаданні Езуса, а потым зноў адправіцца ў дарогу да вёсак і гарадоў, куды будзеце пасланыя, больш свабодныя і лёгкія, пустыя ад сябе і поўныя Яго”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Пантыфік запрасіў Малых Сясцёр “сведчыць аб Евангеллі, – дарыць яго іншым словамі, справамі міласэрнасці і братэрскай прысутнасцю”. “Клопат пра іншых, дзяленне з тымі, хто знаходзіцца ў нястачы, не чакаючы, пакуль яны папросяць – гэта знакі любові да Езуса-Жаніха, характэрныя рысы вашай клапатлівай блізкасці да найменшых, у якіх Ён прысутны”, - заўважыў Святы Айцец. Ён падкрэсліў важнасць гэтага ў сённяшнім грамадстве, “дзе, нягледзячы на багацце сродкаў, замест таго, каб памнажаць добрыя справы, сэрцы нібы цвярдзеюць і замыкаюцца”.

“Дарагія сёстры, гэта праўда, што ёсць цяжкія моманты і сур’ёзныя праблемы, такія як недахоп пакліканняў, закрыццё некаторых дамоў, рост сярэдняга ўзросту законніц, але таксама дакладна і тое, што, (...) вы з’яўляецеся каштоўнымі прыладамі для Бога, якія сеюць у свеце маленькія пярліны пяшчоты, евангельскай пяшчоты. Гэта будзе працягвацца ў той ступені, у якой вы будзеце заставацца простымі і шчодрымі, улюбёнымі ў Хрыста і ўбогіх. У свой час гэта прынясе плён, не сумнявайцеся”, - з аптымізмам адзначыў Францішак.
 

02 кастрычніка 2023, 10:44