Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Дзень малітвы, посту і пакаяння ў інтэнцыі міру праходзіць у Касцёле

27 кастрычніка 2023 года ў Каталіцкім Касцёле праходзіць Дзень малітвы, посту і пакаяння ў інтэнцыі міру ў свеце, далучыцца да якога Папа заклікаў вызнаўцаў іншых канфесій і рэлігій і ўсіх людзей добрай волі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец на працягу дзесяці гадоў свайго пантыфікату не першы раз абвяшчае ўсеагульную духоўную мабілізацыю, з мэтай спыніць гвалт і нянавісць у розных частках свету. Ён заахвочвае адказаць на грукат узбраенняў “зброяй” малітвы, посту і пакаяння, просячы Бога аб дары міру, згоды і братэрства паміж людзьмі.

Першы Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру, скліканы Папам Францішкам, адбыўся 7 верасня 2013 года ў кантэксце вайны ў Сірыі. Увечары гэтага дня тысячы вернікаў сабраліся разам з ім на плошчы святога Пятра ў Ватыкане на малітоўнай сустрэчы, скіроўваючы свае сэрцы і думкі ў кірунку шматпакутнага Блізкага Усходу. “Свет Бога – гэта свет, у якім кожны адчувае сябе адказным за іншага, за дабро іншага”, - нагадаў тады Пантыфік, падкрэсліваючы, што “гвалт і вайна нясуць толькі смерць”, і што “вайна заўсёды з’яўляецца паразай для чалавецтва”.

Праз пяць гадоў, 23 лютага 2018 года, па ініцыятыве Папы Францішка прайшоў Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ў Паўднёвым Судане і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга – краінах, спакутаваных ад грамадзянскіх войнаў і палітычнай нестабільнасці, якія сеялі смерць, небяспеку і тэрор. Святы Айцец наведаў гэтыя афрыканскія дзяржавы у лютым 2023 года, нагадваючы: “Хто ідзе за Хрыстом, заўсёды выбірае спакой; кожны, хто развязвае вайну і гвалт, здраджвае Пану і адмаўляецца ад Яго Евангелля”.

5 жніўня 2020 года здарылася чарговая трагедыя, у сувязі з якой Пантыфік вырашыў заахвоціць свет да духоўнай салідарнасці – у бейруцкім порце ў Ліване адбыўся магутны выбух, у выніку якога загінула вялікая колькасць жыхароў гэтай краіны, што перажывала цяжкі перыяд нестабільнасці і глыбокі ўнутраны крызіс. Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ў Ліване адбыўся 4 верасня 2020 года. У сувязі з ім Папа заклікаў не пакідаць краіну самотнай перад абліччам яе праблем, нагадаўшы, што яна заўсёды была знакам надзеі, месцам талерантнасці і мірнага суіснавання, унікальным для свайго рэгіёну.

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 29 жніўня 2021 года, Святы Айцец заклікаў да малітвы і посту ў інтэнцыі міру ў Афганістане. Ён не ўстанаўліваў адмысловай даты для малітвы, але падкрэсліў, што “мы не можам заставацца абыякавымі” перад пакутамі народа краіны, якая тады перажывала перыяд гвалтоўнага вяртання да ўлады Талібану. “Гісторыя вучыць нас, што малітва важная. Як хрысціяне, мы павінны ўдзельнічаць у гэтых пакутах. Неабходна малітва і пост. Папросім у Пана міласэрнасці і прабачэння”, - дадаў Папа.

2022 год быў азмрочаны пачаткам шырокамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 23 лютага, за дзень да ўварвання расійскіх войск, Папа маліўся, каб “Каралева супакою захавала свет ад вар’яцтва вайны” і абвясціў на 2 сакавіка адмысловы Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ва Украіне. Пантыфік заклікаў тых, хто нясе палітычную адказнасць, “зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення перад Богам, Які з’яўляецца Богам міру, а не вайны, Які з’яўляецца Айцом усіх, а не толькі некаторых, Які хоча, каб мы былі братамі, а не ворагамі”. Ён заахвоціў усе бакі “ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія прычыняць яшчэ большыя пакуты насельніцтву, дэстабілізуюць суіснаванне паміж дзяржавамі і дыскрэдытуюць міжнароднае права”.
 

27 кастрычніка 2023, 08:02