Пошук

Мангольскія вернікі Мангольскія вернікі  (Vatican Media) Калонка рэдактара

Урок сінадальнасці ад “малога статка” Манголіі

Словы душпастырскай работніцы Руфіны і разважанні Францішка змяшчаюць каштоўныя ўказанні для працы па сінадальнасці.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна / Vatican News

Сінадальны працэс дазволіў малому статку мангольскіх вернікаў лепш зразумець сапраўдную прыроду Касцёла. Аб гэтым казала душпастырская работніца Руфіна, звяртаючыся да Францішка ў катэдральным касцёле святых Пятра і Паўла ва Улан-Батары 2 верасня: "Я дагэтуль не ведаю, як перакласці на нашу мову слова супольнасць... Наш Касцёл знаходзіцца на стадыі развіцця дзіцяці, якое ўвесь час задае пытанні бацькам... Нам вельмі пашанцавала, што ў нас мала кніг па Катэхізісу на нашай мове, але шмат місіянераў, якія з'яўляюцца жывымі кнігамі. Я хацела б падкрэсліць эфектыўнасць Сінода і сінадальнасці. Падчас Сінода нашы вернікі, асабліва душпастырскія работнікі, змаглі яшчэ лепш зразумець сапраўдную прыроду Касцёла”.

Выступаючы пасля Руфіны, Пантыфік у сваёй прамове да мангольскіх католікаў падкрэсліў слова камунія. Ён растлумачыў што, каб зразумець Касцёл, нельга ўжываць “чыста функцыянальны крытэр”, таму што Касцёл не з'яўляецца функцыянальнай арганізацыяй, але "чымсьці іншым". Слова камунія добра тлумачыць, што такое Касцёл, у якім біскуп не з'яўляецца мадэратарам, які грунтуецца на прынцыпе большасці, а абапіраецца на сілу духоўнага прынцыпу і вядзе свой народ да камуніі ў сваім містычным целе.

Касцёл – гэта камунія. Пад такой назвай у пачатку 1960-х выйшла кніга дамініканца Жэрома Амера, які пазней стаў сакратаром Кангрэгацыі веравучэння і кардыналам. Эклезіялогія камуніі, як сцвярджаў Сінод Біскупаў 1985 года, з'яўляецца “цэнтральнай і фундаментальнай ідэяй дакументаў Другога Ватыканскага Сабора".

Францішак неаднаразова тлумачыў, што дэмакратычны прынцып большасці і меншасці не падыходзіць да жыцця Касцёла і не паважае яго прыроду. У сталіцы Манголіі Папа сказаў, што "адзінства Касцёла – гэта не пытанне парадку і павагі, не стратэгія каманднай гульні, а пытанне веры і любові да Пана, адданасць Яму”. Таму важна, каб усе вернікі з'ядналіся вакол біскупа, які з’яўляецца “жывым вобразам Хрыста, Добрага Пастыра, які збірае і вядзе свой народ”, будуе сінадальныя адносіны, якія з’яўляюцца абвяшчэннем веры і дапамагаюць інкультурацыі веры.

Сінод – гэта магчымасць атрымаць досвед і ўсведамленне таго, што значыць камунія ў Касцёле, зноў адкрыць для сябе камунію ў малітве і слуханні, дазволіць кіраваць усім Святому Духу, рэалізуючы сінадальнае вымярэнне, якое прысутнічае ў Касцёле з самага пачатку.

Падчас цырымоніі ўручэння прэміі Гэта – журналістыка (è Giornalismo), якая прайшла 26 жніўня 2023 года ў Ватыкане, Папа казаў пра тое, што ў наш час, “калі гавораць шмат, а слухаюць мала”, Касцёл зноў адкрывае для сябе сэнс слова разам, імкнучыся ісці разам, задаваць пытанні разам, шукаць адказы разам у малітве, як гэта рабілі першыя апосталы. “Гэта сінадальнасць, якую мы хацелі б зрабіць паўсядзённай звычкай”, - сказаў Папа, згадваючы пра Сінод па сінадальнасці, які ў кастрычніку пройдзе ў Рыме.

Малады Касцёл Манголіі, такі далёкі ад Рыма, але блізкі сэрцу Папы, служыць ўрокам для удзельнікаў Сінода, якія праз некалькі дзён збяруцца вакол Наступніка святога Пятра, каб разам маліцца, слухаць і распазнаваць тое, як трэба абвяшчаць Евангелле нашым сучаснікам.

04 верасня 2023, 14:09