Пошук

Папа Францішак падчас малітвы за мір у рымскім Калізеі 7 кастрычніка 2021 года Папа Францішак падчас малітвы за мір у рымскім Калізеі 7 кастрычніка 2021 года 

Францішак: мір патрабуе разбурэння сцяны немагчымага

Папа нагадаў пра неадкладную патрэбу ў адвазе міру ў свеце, дзе ўсё рухаецца хутка і толькі войны, здаецца, завяршаюцца павольна. Ён заклікаў маліцца, каб адчыніліся шляхі міру, асабліва для дарагой і змучанай Украіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы, прысвечанай малітве за мір, якая прайшла 10-12 верасня 2023 года ў Берліне, па ініцыятыве Супольнасці святога Эгідзія. Ён прывітаў рэлігійных лідараў і палітыкаў, якія “верна працягваюць пілігрымку малітвы і дыялогу, распачатую святым Янам Паўлам ІІ у Асізі ў 1986 годзе”.

Папа звярнуў увагу на сімвалізм месца правядзення форума, падкрэсліваючы, што падзенне берлінскай сцяны, якая дзяліла на дзе часткі не толькі Германію, але і Еўропу, адбылося ў выніку спалучэння розных фактараў, мужнасці і малітвы многіх людзей. Гэта падзея адкрыла “новыя перспектывы: свабоды для народаў, уз’яднання сем’яў” і дала “надзею на новы сусветны мір”, які павінен быў наступіць пасля заканчэння халоднай вайны.

Пантыфік са шкадаваннем заўважыў, што на працягу многіх гадоў свет будаваўся не на агульнай надзеі, а на “прыватных інтарэсах і недаверы да іншых”. “Такім чынам, замест таго, каб разбураць сцены, былі пабудаваны іншыя. А крок ад сцяны да траншэі, на жаль, часта кароткі”, - сказаў ён, згадваючы пра шматлікія войны ў розных кутках планеты, у тым ліку пра жудасны канфлікт ва Украіне, “якому няма канца і які прывёў да гібелі людзей, раненняў, болю, уцёкаў і разбурэнняў”.

Францішак нагадаў свае словы, прамоўленыя падчас малітвы за мір у рымскім Калізеі ў 2022 годзе: “Вокліч аб міры немагчыма задушыць: ён зыходзіць з сэрцаў маці, напісаны на тварах бежанцаў, сем’яў, якія ўцякаюць, параненых і паміраючых. І гэты ціхі вокліч узносіцца да Нябёсаў. Яму не знаёмы магічныя формулы для выйсця з канфліктаў, але ён мае святое права прасіць аб міры ў імя перанесеных пакут, і заслугоўвае таго, каб быць пачутым. Ён заслугоўвае таго, каб усе, пачынаючы ад кіраўнікоў дзяржаў, прыслухаліся да яго з сур’ёзнасцю і павагай. Вокліч аб міры выражае боль і жах вайны, маці ўсякай беднасці”.

Перад абліччам гэтага сцэнара, на думку Святога Айца, нельга апускаць рукі: “недастаткова рэалізму, недастаткова палітычных меркаванняў, недастаткова рэалізаваных да гэтага часу стратэгічных аспектаў”, але неадкладна патрэбна “адвага міру” у свеце, “дзе ўсё рухаецца наперад хутка, толькі заканчэнне войнаў здаецца павольным”.

“Адвага міру – гэта прароцтва, якое патрабуецца ад тых, хто трымае ў сваіх руках лёс краін, што знаходзяцца ў стане вайны, ад міжнароднай супольнасці, ад усіх нас, асабліва ад веруючых мужчын і жанчын, каб яны далі голас плачу маці і бацькаў, пакутам загінулых, бессэнсоўнасці разбурэнняў, асуджаючы вар’яцтва вайны”, - напісаў Папа.

Францішак адзначыў тэрміновую патрэбу ў адважнай малітве ў інтэнцыі міру, заклікаючы вернікаў “не баяцца станавіцца жабракамі міру, яднаючыся з братамі і сёстрамі іншых рэлігій і з усімі, хто згаджаюцца з непазбежнасцю канфліктаў”.

Пантыфік заахвоціў “пераступіць сцяну немагчымага, пабудаваную на развагах, якія выглядаюць неабвержнымі, на памяці пра многія мінулыя пакуты і вялікія раны”. “Гэта складана, але гэта не немагчыма. Гэта не немагчыма для вернікаў, якія жывуць адвагай малітвы з надзеяй. Але гэта не павінна быць немагчымым нават для палітыкаў, для людзей, надзеленых адказнасцю, для дыпламатаў. Будзем працягваць маліцца аб міры, не стамляючыся, стукацца з пакорным і настойлівым духам у заўсёды адчыненыя дзверы сэрца Бога і ў дзверы людзей. Будзем прасіць, каб адчыніліся шляхі міру, асабліва для дарагой і змучанай Украіны. Верым, што Пан заўсёды чуе пакутлівы плач сваіх дзяцей. Пачуй нас, Пане!”, - завяршыў сваё пасланне Святы Айцец.
 

12 верасня 2023, 18:15