Пошук

Францішак у партугальскай штаб-кватэры Scholas Occurrentes Францішак у партугальскай штаб-кватэры Scholas Occurrentes  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа заснаваў новы ўніверсітэт у адказ на глабальны крызіс сэнсу

Францішак заснаваў у Ватыкане новую навучальную ўстанову ўніверсітэцкага тыпу, якае будзе імкнуцца даць адказ на глабальны крызіс сэнсу. Ажыццяўляць дзейнасць Універсітэта сэнсу будзе міжнародны адукацыйны рух Scholas Occurrentes.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як тлумачыцца ў паведамленні, распаўсюджаным адукацыйным рухам 26 верасня 2023 года, Універсітэт сэнсу адчыняе дзверы для студэнтаў рознага паходжання, розных моў і веравызнанняў, каб ніхто не застаўся ўбаку. Гаворка ідзе аб стварэнні гасціннага і творчага месца, дзе кожны зможа адчуць сябе жаданым госцем. На думку ініцыятараў, Універсітэт сэнсу – гэта маленькае зярнятка, якое можа стаць вялікім дрэвам, карані якога – у вучэнні Францішка і досведзе Scholas Occurrentes.

У навучанні плануецца выкарыстоўваць мовы навуковых і гуманітарных дысцыплін, мастацтва, тэхналогій і жыццёвага вопыту. Універсітэт дапаможа студэнтам адрозніваць тое, што проста карысна, ад таго, што неабходна, таму што “не хлебам адзіным жыве чалавек”, - гаворыцца ў паведамленні.

Міжнародны адукацыйны рух Scholas Occurrentes, заснаваны Францішкам, ажыццяўляе адукацыйныя ініцыятывы і мерапрыемствы для моладзі розных веравызнанняў і культур у розных кутках свету. З 2015 года адукацыйны рух развівае сувязі з дзяржаўнымі і прыватнымі ўніверсітэтамі. Прадстаўнікі ўніверсітэтаў, якія ўваходзяць у сетку Scholas Occurrentes, дзеляцца сваімі дасягненнямі на штогадовым кангрэсе.

У 2020 годзе, у разгар пандэміі каронавіруса, Францішак заклікаў Scholas Occurrentes прасоўваць ініцыятыву на ўніверсітэцкім узроўні. Сёння, калі чалавецтва сутыкаецца з новым крызісам, а культура, здаецца, страчвае сваю жыццяздольнасць, “выхоўваць – значыць даследаваць сэнс рэчаў”, - сказаў тады Святы Айцец.

27 верасня 2023, 13:00