Пошук

Папа: толькі любоў залечвае раны і дае сапраўдную радасць

Не трэба быць вялікімі, багатымі ці магутнымі, каб быць шчаслівымі. Толькі любоў спатольвае сэрца, - падкрэсліў Папа падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 3 верасня 2023 года на Steppe Arena ва Улан-Батары.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заўважыў у гаміліі, што вернікі пакліканы распазнаць прагу, якая жыве ў іх – прагу сапраўднай радасці, шчасця, сэнсу жыцця, матывацыі для дзейнасці, якую ажыццяўляем кожны дзень, а ў першую чаргу – прагу любові, бо “толькі любоў па-сапраўднаму насычае нас, дазваляе нам адчуваць сябе добра, адкрывае нас на давер, дае магчымасць атрымліваць асалоду ад прыгажосці жыцця”.

“Дарагія браты і сёстры, хрысціянская вера адказвае на гэту прагу; яна ставіцца да яе сур’ёзна; не здымае яе; не спрабуе суцішыць яе паліятыўнымі сродкамі ці заменнікамі. Таму што ў гэтай празе заключана наша вялікая таямніца: яна адкрывае нас на жывога Бога, на Бога-Любоў, які выходзіць насустрач нам, каб зрабіць нас сваімі дзецьмі і братамі і сёстрамі адзін аднаму”, - сказаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што Бог, які з’яўляецца любоўю, стаў блізкім да людзей у сваім Сыне Езусе і хоча раздзяліць іх жыццё, цяжкасці, мары і прагу шчасця, даючы жывую ваду Святога Духа, якая аднаўляе нас, вызваляючы ад небяспекі сухасці.

“Калі мы думаем, што поспеху, улады, матэрыяльных рэчаў дастаткова, каб спатоліць прагу ў нашым жыцці – гэта свецкі лад мыслення, які не вядзе ні да чаго добрага і, наадварот, робіць нас яшчэ больш чэрствымі, чым раней. Замест гэтага Езус паказвае нам шлях: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго” (Мц 16,24-25), - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што найлепшы шлях – абняць крыжа Хрыста. “У сэрцы хрысціянства ляжыць гэта шакавальная і незвычайная навіна: калі губляеш сваё жыццё, калі шчодра аддаеш яго, калі рызыкуеш, прысвячаючы яго любові, калі прыносіць яго ў бескарыслівы дар іншым, яно вярнецца да цябе з лішкам, напоўніць цябе радасцю, што не прамінае, супакоем у сэрцы, унутранай сілай, якая падтрымлівае”, - запэўніў Святы Айцец.

“Не трэба быць вялікімі, багатымі ці магутнымі, каб быць шчаслівымі. Толькі любоў спатольвае сэрца, толькі любоў залечвае нашы раны, толькі любоў дае сапраўдную радасць. І гэта шлях, якому Езус навучыў нас і які адкрыў для нас”, - сказаў Папа мангольскім вернікам, заклікаючы іх ісці шляхам любові.
 

03 верасня 2023, 11:20