Пошук

Аўдыенцыя для членаў Італьянскай біблійнай асацыяцыі Аўдыенцыя для членаў Італьянскай біблійнай асацыяцыі  (Vatican Media)

Пантыфік: агульная вера ў аднаго Бога запрашае жыць як браты

Біблія заўсёды павінна быць спадчынай усіх: “кнігай народу Пана, які праз слуханне Яго голасу пераходзіць ад рассеяння і падзелу да адзінства”, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 верасня 2023 года Францішак сустрэўся ў Ватыкане з членамі Італьянскай біблійнай асацыяцыі і выкладчыкамі Святога Пісання, якія прымаюць удзел у 47-м Нацыянальным біблійным тыдні. Сёлетні форум прысвечаны тэме запавету на старонках Святога Пісання. Папа падкрэсліў, што яна вельмі актуальная для Касцёла і адносін са светам.

Пантыфік спаслаўся на тры біблійныя запаветы: з Ноем, які датычыць адносін паміж чалавецтвам і стварэннем; з Абрагамам, які датычыць веры ў Бога як умовы адзінства і плённасці; і на сінайскі запавет, які датычыць дару Божага закону і абрання Ізраэля як прылады збаўлення для ўсіх народаў.

Першы з іх, запавет паміж Богам і Ноем, выразна адсылае да адносін паміж чалавекам і стварэннем. “У гісторыі пра патоп праз справядлівасць Патрыярха Бог вяртае надзею і збаўленне чалавецтву, спустошанаму нянавісцю і гвалтам”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што “гэта справядлівасць сама па сабе мае неад’емнае экалагічнае вымярэнне і прадугледжвае адкрыццё і шанаванне “рытмаў, якія рука Стварыцеля напісала ў прыродзе”. Гэты запавет ніколі не быў адменены Богам і “працягвае падштурхоўваць нас да справядлівага і стрыманага выкарыстання рэсурсаў планеты”.

Запавет з Абрагамам агульны для трох вялікіх монатэістычных рэлігій і вельмі актуальны ў наш час, які “скалыхнулі рэха смерці і вайны”. “Супольная вера ў аднаго Бога запрашае і заахвочвае нас жыць як браты”, а таксама “без насілля, без подступу, у сапраўдным спакоі супрацоўнічаць паміж сабой у будаўніцтве свету”.

Гаворачы пра дар Божага закону і выбранне Ізраэля, Пантыфік падкрэсліў, што яно адбылося дзеля дабра ўсяго чалавецтва. “Бог не выбірае нікога, каб выключыць іншых, але заўсёды, каб уключыць іншых. Гэта важнае папярэджанне для нашага часу, калі рознагалоссі, што пастаянна ўмацоўваюцца, рыюць бар’еры і ўзводзяць муры паміж людзьмі і народамі, на шкоду адзінству чалавечай сям’і і самога Цела Хрыста”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў біблістаў і тэолагаў працаваць разам, дапамагчы Божаму народу сілкавацца Божым словам, каб Біблія заўсёды была спадчынай усіх: “кнігай народу Пана, які праз слуханне Яго голасу пераходзіць ад рассеяння і падзелу да адзінства”.
 

07 верасня 2023, 12:00