Пошук

Прэс-канферэнцыя на шляху з Манголіі ў Рым Прэс-канферэнцыя на шляху з Манголіі ў Рым  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: Сінод – гэта дыялог ахрышчаных пра Касцёл і свет

Адносіны з Кітаем, значэнне Сінода Біскупаў, заклік да расійскай моладзі не забывацца на вялікую культурную спадчыну і іншыя пытанні былі ўзняты 4 верасня 2023 года падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, які даставіў Папу з Манголіі ў Рым.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Першыя пытанні журналістаў тычыліся вынікаў апостальскага візіту ў Манголію. Папа патлумачыў, што здзяйсняе свае падарожжы з мэтай наведвання маленькіх каталіцкіх супольнасцяў, а таксама каб уступіць у дыялог з гісторыяй і культурай народаў, з іх містыкай. “Евангелізацыя ўступае ў дыялог з культурай. Існуе евангелізацыя культуры, а таксама інкультурацыя Евангелля”, - заўважыў Францішак, дадаючы, што задаволены вынікам падарожжа, мэта якога складалася ў тым, каб пазнаёміцца з мангольскім народам і яго культурай, а таксама выказаць мясцоваму Касцёлу сваю блізкасць.

На пытанне, ці можа Улан-Батар стаць платформай для міжнароднага дыялогу паміж Еўропай і Азіяй, Пантыфік адказаў станоўча. "Я думаю, так. Але ў вас ёсць яшчэ адна вельмі цікавая рэч, якая таксама можа спрыяць гэтаму дыялогу, і я адважуся назваць яе містыкай трэцяга суседа", - сказаў Францішак, патлумачыўшы, што акрамя двух вялікіх дзяржаў, Расіі і Кітая, Манголія магла б “паспрабаваць весці дыялог з суседнімі трэцімі бакамі", каб прадэманстраваць свае каштоўнасці ўсяму свету, даведацца пра каштоўнасці іншых, дзеля дыялогу і ўніверсальнасці.

На пытанне пра стан цяперашніх адносін з Кітаем Папа адказаў, што яны будуюцца на аснове ўзаемнай павагі. “Асабіста я вельмі захапляюся кітайскім народам. Каналы сувязі вельмі адкрытыя. Для прызначэння біскупаў існуе камісія, якая даўно супрацоўнічае з кітайскім урадам і Ватыканам. Некаторых каталіцкіх святароў і інтэлектуалаў часта запрашаюць у кітайскія ўніверсітэты для выкладання курсаў. Я лічу, што мы павінны рухацца наперад у рэлігійным аспекце, каб больш разумець адзін аднаго, каб грамадзяне Кітая не думалі, што Касцёл не прымае іх культуру і каштоўнасці, што ён залежыць ад іншай замежнай дзяржавы”, - сказаў Францішак, дадаючы, што працай па падтрыманню адносін з Кітаем займаецца камісія пад старшынствам кардынала Параліна.

Што тычыцца магчымай паездкі кардынала Дзупі ў Пекін, Святы Айцец адказаў, што даручаная яму мірная місія прадугледжвае наведванне Масквы, Кіева, ЗША і Пекіна. “Кардынал Дзупі – чалавек вялікага дыялогу і ўсеагульнага бачання, ён мае ў сваёй гісторыі досвед працы па пошуку міра ў Мазамбіку, таму я паслаў яго”, - патлумачыў Францішак.

Журналісты спыталіся Святога Айца пра магчымасць візіту ў В'етнамам і запланаваныя на бліжэйшы час апостальскія падарожжы. Пантыфік адказаў, што “вельмі станоўча ставіцца да адносін з В'етнамам”, узгадваючы нядаўні візіт прэзідэнта гэтай краіны, а таксама сустрэчу з групай в'етнамскіх парламентарыяў. "З В'етнамам дыялог адкрыты, з яго плюсамі і мінусамі, але ён адкрыты і павольна прасоўваецца наперад”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што раней ці пазней падарожжа ў В'етнам адбудзецца. Калі не ён, так яго наступнік абавязкова наведае в’етнамскую зямлю, “якая заслугоўвае таго, каб рухацца далей”.

У бліжэйшых планах Папы – наведванне Марсэля і, магчыма, “адной з маленькіх краін Еўропы”. “Шчыра кажучы, для мяне цяпер здзейсніць падарожжа не так проста, як у пачатку, ёсць абмежаванні ў хадзе”, - прызнаўся Святы Айцец.

На просьбу журналіста ANSA Фаўста Гаспароні растлумачыць словы, з якімі ён звярнуўся падчас тэлемоста да расійскай каталіцкай моладзі, Папа ўдакладніў, што гэта быў заклік не забывацца на вялікую культурную спадчыну краіны. Францішак казаў пра вялікую Расію ў сэнсе “не столькі геаграфічным, колькі культурным”, маючы на ўвазе дасягненні ў галіне музыкі, мастацтва і літаратуры. “Я не думаў пра імперыялізм. Калі я казаў гэта, я казаў пра культуру, а перадача культуры ніколі не імперская, ніколі. Гэта заўсёды дыялог, і я казаў пра гэта”, - падкрэсліў Пантыфік, перасцерагаючы Касцёл і свет ад ідэалогій.

На пытанне пра другую частку Laudato si’ Папа сказаў, што адгартацыя выйдзе ва ўрачыстасць святога Францішка, 4 кастрычніка, і ўяўляе сабой агляд таго, што адбылося з часоў Парыжскай Канферэнцыі бакоў, якая была самай плённай, па сённяшні дзень. Адгартацыя не будзе такой вялікай, як Laudato si', але будзе змяшчаць “новыя рэчы” і аналіз сітуацыі.

Некалькі пытанняў журналістаў тычыліся Сінода Біскупаў, які распачнецца ў кастрычніку 2023 года. Папа патлумачыў, што "Сінод – гэта дыялог ахрышчаных, дыялог членаў Касцёла пра жыццё Касцёла, пра дыялог са светам, пра праблемы, якія сёння закранаюць чалавецтва. (…) На Сінодзе няма месца ідэалогіі, ёсць месца дыялогу”. На думку Папы, неабходна ахоўваць сінадальны клімат, рэлігійнасць і малітоўны дух сустрэчы, таму што “Сінод – гэта не тэлевізійная праграма, дзе ўсё абмяркоўваецца”, і не пасяджэнне парламента. Аб тым, што будзе адбываецца на Сінодзе, можна будзе даведацца з штодзённых прэс-рэлізаў Дыкастэрыі па камунікацыі.

04 верасня 2023, 17:02