Пошук

Сустрэча з каталіцкай супольнасцю Манголіі Сустрэча з каталіцкай супольнасцю Манголіі  (Vatican Media)

Папа: людзі ў Манголіі шукаюць сапраўднага сведчання

Малалікасць з’яўляецца рэсурсам, самае важнае – шчырая вера, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы ў біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі душпастырскімі работнікамі, якія служаць у Манголіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак звярнуўся да прадстаўнікоў Касцёла ў Манголіі 2 верасня 2023 года ў катэдральным касцёле святых Пятра і Паўла ва Улан-Батары. Ён нагадаў пра гісторыю хрысціянскай веры на тэрыторыі гэтай краіны і руплівае служэнне шматлікіх місіянераў, а потым прапанаваў задумацца: “Чаму людзі прысвячаюць сваё жыццё Евангеллю?”.

На думку Папы, яны робяць гэта “бо – як нагадвае 34 псальм – яны пакаштавалі, адчулі добры смак, спазналі ў сваім жыцці ласкавасць любові Бога”, таго Бога, “які стаў бачным, датыкальным, якога можна сустрэць у Езусе”.

Святы Айцец перакананы, што Езус Хрыстус – гэта “Добрая навіна, прызначаная для ўсіх народаў, гэта пасланне, якое Касцёл павінен пастаянна абвяшчаць, увасабляць у сваім жыцці і “нашэптваць” сэрцам кожнага чалавека і ўсіх культур”.

Пантыфік згадаў пра шматлікія дабрачынныя ініцыятывы Касцёла ў Манголіі – “візітную картку” хрысціян, дзякуючы якой яны заслужылі павагу і пашану суайчыннікаў. Папа заклікаў “працягваць ісці гэтым шляхам, які аказаўся плённым і карысным для дарагога мангольскага народа”, а таксама заўсёды трымаць позірк на абліччы Хрыста.

“Браты і сёстры, хрысціянскае жыццё нараджаецца з сузірання гэтага аблічча: гэта пытанне любові, штодзённай сустрэчы з Панам у Божым слове і Хлебе жыцця, у абліччы іншага, у патрабуючых, у якіх прысутны Езус”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў місіянераў заўсёды заставацца ў кантакце з Панам, шукаючы Яго ў Святым Пісанні і сузіраючы Яго ў цішыні адарацыі перад табернакулюмам, распазнаючы Яго ў абліччах людзей, якім служаць і такім чынам адчуваючы глыбокую радасць і супакой у сэрцы, якіх не змогуць пазбавіць нават цяжкасці.

“Неабходна вярнуцца да крыніцы, да аблічча Езуса, да Яго прысутнасці, якую трэба пакаштаваць: гэта Ён наш скарб, каштоўная жамчужына, дзеля якой варта аддаць усё”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што людзі ў Манголіі маюць “абвостранае адчуванне святасці” і шукаюць сапраўднага сведчання.

Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл павінен “абапірацца толькі на шчырую веру, бяззбройную і абяззбройваючую моц Уваскрослага, здольную палегчыць пакуты параненага чалавецтва”.

“Вось чаму свецкім уладам і ўстановам няма чаго баяцца ў евангелізацыйнай дзейнасці Касцёла, таму што ў яго няма палітычнага парадку дня, які трэба выконваць, ён ведае толькі сціплую сілу Божай ласкі і слова міласэрнасці і ісціны, здольныя спрыяць дабрабыту ўсіх”, - сказаў ён.

Францішак заклікаў мангольскіх святароў і свецкіх бачыць у сваім біскупе “не менеджэра, але жывы вобраз Хрыста, Добрага Пастыра, які збірае і вядзе свой народ; вучня, напоўненага апостальскім харызматам, каб будаваць наша братэрства ў Хрысце і ўсё больш і больш укараняць яго ў гэтым народзе з высакароднай культурнай тоеснасцю”. Ён запэўніў каталіцкую супольнасць Манголіі ў блізкасці ўсяго Касцёла і заклікаў яе да еднасці паміж сабой і з біскупам, што ўжо з’яўляецца абвяшчэннем веры і дапамагае інкультурацыі веры.

Святы Айцец падкрэсліў таксама, што Касцёл павінен быць салідарным з беднымі, не маўчаць перад абліччам несправядлівасці і з лагоднасцю працаваць на карысць годнасці кожнага чалавека. “Працягвайце так – пастаянныя ў малітве і крэатыўныя ў любові, моцныя ў еднасці, радасныя і лагодныя ва ўсім і з усімі”, - заахвоціў духавенства Пантыфік, падкрэсліваючы, што малалікасць мясцовага Касцёла – гэта не праблема, а рэсурс, таму што Бог любіць малых і чыніць вялікія справы менавіта праз іх.
 

02 верасня 2023, 11:32