Пошук

Папа да маладых кампазітараў: захавайце мару і сілу музыкі

Стварэнне музыкі – гэта метафара жыцця, у якім нам неабходна гарманічна сунастроіцца з іншымі людзьмі, з грамадствам і яго законамі, - адзначыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

16 верасня 2023 у Ватыкане Францішак прыняў на аўдыенцыі маладых музыкантаў – удзельнікаў Каляднага конкурсу 2023 (Christmas Contest 2023), а таксама яго арганізатараў і дабрачынцаў.

Пантыфік звярнуў увагу на суіснаванне гармоніі і творчасці. “Яны не канфліктуюць паміж сабой, бо пошук гармоніі, які патрабуе прыхільнасці, адданасці і сталасці, у музыцы, як і ў жыцці, не прыніжае, а вызваляе унікальнасць кожнага, прапаноўваючы творцы зразумелыя іншым інструменты для зносін. (...) Творца аддае сябе, калі стварае, калі выконвае свой твор”, - заўважыў ён.

На думку Францішка, да Божага Нараджэння трэба рыхтавацца загадзя, бо яно “заслугоўвае гэтага”, дэманструючы гармонію і крэатыўнасць “асаблівым і хвалюючым чынам”, перадаючы нам “бясконцую цеплыню боскай любові”.

“У Божае Нараджэнне Бог, вечнае Слова, прыходзіць, каб выслухаць нас і бярэцца за працу па стварэнні гармоніі з чалавецтвам, а ў сваёй цудоўнай крэатыўнасці глядзіць на нас вачыма дзіцяці, здзіўляючы сваёй нявіннай пяшчотай. І гэта адбываецца не толькі 25 снежня, але кожны дзень!” - адзначыў Папа.

“Дарагія сябры, прыемна бачыць вас тут, бачыць у вашых позірках мару і сілу музыкі, а таксама жаданне зрабіць яе святочным падарункам для іншых! Працягвайце, калі ласка, працягвайце культываваць свае вялікія мары, свой талент і сваё захапленне: мары, талент і захапленне, разам з крэатыўнасцю, прынясуць карысць вам і тым, каго вы знойдзеце на сваім шляху”, - звярнуўся Пантыфік да маладых кампазітараў, дзякуючы ім за творчасць і просячы аб малітве.

Конкурс Christmas Contest 2023 праводзіцца ў трох намінацыях: тэкст, музыка, інтэрпрэтацыя. Лепшыя творы прагучаць падчас 31-га Каляднага канцэрта ў Ватыкане, у якім прымуць удзел сусветна вядомыя артысты.
 

16 верасня 2023, 10:46