Пошук

Марсельскі катэдральны касцёл Марсельскі катэдральны касцёл 

Пантыфік заклікаў падтрымаць малітвай яго візіт у Марсель

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 17 верасня 2023 года прайшла ў Ватыкане, Папа заклікаў падтрымаць малітвай яго падарожжа ў Марсель.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец наведае гэты партовы горад на поўдні Францыі з 22 па 23 верасня з нагоды Міжземнаморскай сустрэчы, на якой збяруцца разам прадстаўнікі “касцёльных і грамадзянскіх уладаў рэгіёну, каб падтрымаць шляхі міру, супрацоўніцтва і інтэграцыі вакол mare nostrum” – Міжземнага мора – “з асаблівай увагай да феномена міграцыі”.

Папа падкрэсліў, што міграцыя – гэта “нялёгкі выклік, што паказваюць таксама навіны гэтых дзён, але на яго неабходна адказаць разам, паколькі ён з’яўляецца вельмі важным для будучыні ўсіх, якая будзе квітнеючай толькі тады, калі будзе пабудавана на братэрстве, ставячы на першае месца чалавечую годнасць, канкрэтных людзей, асабліва найбольш патрабуючых”.

Францішак папрасіў суправаджаць яго падарожжа малітвай. Ён падзякаваў грамадзянскім і рэлігійным уладам, а таксама ўсім, хто займаецца падрыхтоўкай сустрэчы ў Марселе – “горадзе, багатым народамі, пакліканым быць портам надзеі”. “Ужо зараз вітаю ўсіх яго жыхароў, чакаючы сустрэчы са шматлікімі дарагімі братамі і сёстрамі”, - завяршыў свой зварот Пантыфік.
 

17 верасня 2023, 12:40