Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Пантыфік: не прызвычайвацца да лексікі вайны і разладу

Пашырэнне пісьменнасці павінна адпавядаць высокаму пакліканню чалавека, а таксама дапамагаць распаўсюджванню міра, лічбавай адукаванасці і цэласнай экалогіі, - перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў пасланне за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай у сядзібе ЮНЕСКА ў Парыжы, з нагоды Міжнароднага дня пісьменнасці. Ён адзначаецца 8 верасня і сёлета прысвечаны пісьменнасці, як аснове ўстойлівай і мірнай эканомікі ў актуальны пераходны перыяд.

Святы Айцец нагадаў пра важную ролю пісьменнасці для развіцця кожнага чалавека, яго гарманічнай інтэграцыі ў грамадства і актыўнага і плённага ўдзелу ў яго прагрэсе. Ён запэўніў у тым, што Святы Пасад высока цэніць намаганні ЮНЕСКА ў гэтай сферы, падкрэсліваючы, што яны павінны спрыяць развіццю чалавека згодна з яго асабістым, сацыяльным і духоўным пакліканнем.

Пантыфік вылучыў некалькі выклікаў у сферы пісьменнасці, асабліва актуальных для нашага часу. У першую чаргу ён згадаў пра важнасць пісьменнасці для міру. “У свеце, прасякнутым канфліктамі і напружаннем, фундаментальна важна не прызвычайвацца да лексікі вайны і разладу”, - гаворыцца ў пасланні.

На думку Папы, навучыцца “лексіцы дыялогу значыць вярнуць каштоўнасць дыялогу, ветлівасці і павазе да іншаму”. Ён адзначыў, што ЮНЕСКА паставіла перад сабой задачу “спрыяць міру ў сэрцах і думках людзей праз адукацыю, навуку, культуру і камунікацыю”, якія застаюцца “адзінай законнай і эфектыўнай “зброяй”, якую можна выкарыстоўваць, укладваючы ўсё больш рэсурсаў і сіл, каб будаваць надзею на лепшую будучыню”.

Другі выклік, пра які ідзе гаворка ў папскім пасланні, датычыцца “лічбавай пісьменнасці”. Папа звярнуў увагу на вялікую колькасць людзей ва ўсім свеце, якія не маюць доступу не толькі да рэчаў першай неабходнасці, але таксама да інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. Вельмі многія застаюцца параненымі на “лічбавых аўтастрадах” праз падзелы і нянавісць, а таксама існуе “сур’ёзная рызыка перадачы чалавечага жыцця логіцы гаджэтаў, якія вызначаюць яго каштоўнасць”. Пантыфік пажадаў, каб палітыка і законы спрыялі набыццю “лічбачых кампетэнцый” і не былі пазбаўлены “глыбокай этычнай рэфлексіі над выкарыстаннем алгарытмаў, скіроўваючы ўжыванне новых тэхналогій у напрамку адказнасці і чалавечнасці”.

Трэці выклік, на думку Святога Айца, тычыцца пісьменнасці ў сферы цэласнага экалогіі – прасоўвання больш сціплых і салідарных паводзін, якія будуць уплываць на клопат пра бліжняга і стварэнне, а таксама, у доўгатэрміновай перспектыве, будуць натхняць палітыку і эканоміку, па-сапраўднаму ўстойлівыя для якасці жыцця, дзеля дабра ўсіх народаў зямлі і асабліва для тых, хто знаходзіцца ў найбольш уразлівых і рызыкоўных сітуацыях.
 

08 верасня 2023, 11:41