Пошук

Папа падчас сустрэчы з рэктарамі ўніверсітэтаў Лацінскай Амерыкі Папа падчас сустрэчы з рэктарамі ўніверсітэтаў Лацінскай Амерыкі  (Vatican Media)

Пантыфік: новая адгартацыя будзе называцца Laudate Deum

Заданне ўніверсітэтаў заключаецца ў тым, каб быць “крэатыўнымі перад абліччам рэальнасці і выклікаў, выхоўваць, а не проста даваць інфармацыю”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

21 верасня 2023 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі каля 200 рэктараў дзяржаўных і прыватных універсітэтаў краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага Басейна, якія ўдзельнічалі ў канферэнцыі пад назвай Арганізуючы надзею. Яна адбылася ў Папскім патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум у Рыме ў прысутнасці прэфектаў і сакратароў розных структур Апостальскай Сталіцы.

Сустрэча рэктараў з Папам праходзіла за закрытымі дзвярыма. Францішак паразмаўляў з імі на розныя тэмы, сярод якіх кліматычныя змены, міграцыя, культура адчужэння. Ён заклікаў сваіх гасцей быць крэатыўнымі ў выхаванні моладзі і захоўваюць увагу да рэальнасці і выклікаў сённяшняга дня.

Святы Айцец у прыватнасці падкрэсліў негатыўныя наступствы культуры, ахарактарызаванай прынцыпам “выкарыстай і выкінь”, і абумоўленай недахопам належнага выхавання – няўменнем выкарыстоўваць і перапрацоўваць тое, што застаецца. Гэта культура адбіваецца на прыродзе, рэсурсы якой эксплуатуюцца празмерна, - папярэдзіў Пантыфік, выказваючы пажаданне, каб універсітэты спрыялі большай адчувальнасці моладзі да экалагічных праблем.

Папа выказаў заклапочанасць празмернай засяроджанасцю некаторых універсітэтаў на рознага роду эканамічных і сацыяльных тэорыях, але няўважлівых да канкрэтных цяжкасцей людзей, якія жывуць у найбольшай нястачы. “Мы павінны ўсведамляць, што выкарыстоўваем багацце прыроды выключна на карысць невялікіх груп праз сацыяльна-эканамічныя тэорыя, якія не злучаюць прыроду і адчужаных людзей”, - дадаў ён.

Святы Айцец заклікаў да пошуку альтэрнатыўных мадэляў развіцця, якія дапамогуць пераадолець экалагічны крызіс. У якасці прыкладу ён згадаў пра размяшчэнне сонечных панэляў на даху Залы Паўла VI, што дазваляе забяспечваць “зялёнай” энергіяй многія будынкі на тэрыторыі Ватыкана. “Мы павінны быць вельмі крэатыўнымі ў такіх справах, каб захаваць прыроду”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што “маладыя людзі, якіх фармуем, павінны стаць перакананымі лідарамі ў гэтай сферы”.

У гэтым кантэксце Пантыфік абвясціў, што яго наступная Апостальская адгартацыя, якая выйдзе ва ўспамін святога Францішка Асізскага, 4 кастрычніка 2023 года, пад назвай Laudate Deum, будзе ўяўляць сабой “позірк на тое, што здарылася і што трэба рабіць”.

Папа з жалем адзначыў, што дэградацыя навакольнага асяроддзя ідзе ў нагу з дэградацыяй чалавецтва – заняпадам умоў жыцця і каштоўнасцей. Ён заклікаў вучыць каштоўнасцям моладзь, каб на падставе іх, маладыя людзі маглі ацэньваць сітуацыі і называць рэчы сваімі імёнамі. Навучальныя ўстановы павінны прасоўваць гуманістычныя каштоўнасці і братэрскі дыялог, павінны дапамагчы студэнтам “уваходзіць у палітыку”, удзел у якой з’яўляецца “высакародным пакліканнем”.

“Давайце не будзем забываць, што самае высакароднае пакліканне чалавека – гэта палітыка. Давайце будзем вучыць нашу моладзь быць палітыкамі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова: не толькі займацца партыйнай палітычнай дзейнасцю, бо партыя – гэта невялікая група, але мець палітычную адкрытасць і быць здольнымі весці сталы дыялог з палітычнымі групамі. Палітыка – гэта не хвароба. На мой погляд, гэта самае высакароднае пакліканне ў грамадстве, бо садзейнічае працэсам развіцця”, - прызнаўся Святы Айцец.

Пантыфік пажадаў таксама, каб універсітэты вучылі моладзь даваць чалавечны і хрысціянскі адказ на міграцыйны крызіс. “Мігрантаў трэба прымаць, суправаджаць, падтрымліваць і інтэграваць. Калі не здолеем інтэграваць іх – пацерпім паразу”, - папярэдзіў Папа.

На думку Францішка, універсітэт павінен не толькі даваць веды, але вучыць моладзь выкарыстоўваць мову розуму, сэрца і рук. Заданне заключаецца ў тым, каб быць “крэатыўнымі перад абліччам рэальнасці і выклікаў, выхоўваць, а не проста даваць інфармацыю”.
 

26 верасня 2023, 09:51