Пошук

Папа Францішак падчас пасадкі на борт самалёта Папа Францішак падчас пасадкі на борт самалёта 

Святы Айцец распачаў пілігрымку ў Манголію

Францішак адправіўся ў сваё 43-е Апостальскае падарожжа, у рамках якога наведае Манголію. Ён стане першым Папам у гісторыі, які прыбудзе ў гэту азіяцкую краіну.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

31 жніўня 2023 года каля 18.40 самалёт італьянскай авіякампаніі ITA Airways з Пантыфікам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта Фьюмічына ў кірунку Ула-Батара. Адлегласць у 8278 кіламетраў будзе пераадолена за дзевяць з паловай гадзін. Самалёт праляціць над тэрыторыямі Італіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Чарнагорыі, Балгарыі, Турцыі, Грузіі, Азербайджана, Казахстана, Кітая і Манголіі.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што перад тым як пакінуць Ватыкан, Святы Айцец прыняў у Доме святой Марты дванаццаць маладых людзей розных нацыянальнасцей – бяздомных, якія знайшлі дах над галавой у прытулку, адкрытым па даручэнні Францішка. Днём раней яны дапамагалі з пагрузкай гуманітарнага груза для жыхароў Украіны, падрыхтаванага Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні і вернікамі Паўднёвай Карэі, і за гэта Папа хацеў падзякаваць ім асабіста.

Францішак вітае маладых людзей з ватыканскага дарміторыя
Францішак вітае маладых людзей з ватыканскага дарміторыя

У Міжнародным аэрапорце Чынгісхана ва Улан-Батары Папу будзе сустракаць Міністр замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг. Пасля кароткая традыцыйнай цырымоніі прывітання і перамоў з кіраўніцай мангольскага знешнепалітычнага ведамства Святы Айцец накіруецца аўтамабілем у сядзібу Апостальскай прэфектуры. Яна знаходзіцца ў пяцідзесяці кіламетрах ад аэрапорта, у індустрыяльнай частцы сталіцы Манголіі. У першы дзень візіту не прадугледжана публічных падзей з удзелам Папы – ён будзе адпачываць пасля пералёту ў рэзідэнцыі Апостальскага прэфекта.

2 верасня Святы Айцец сустрэнецца з палітычным кіраўніцтвам краіны, прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі, звернецца да біскупаў, святароў, місіянераў, кансэкраваных асобаў і душпастырскіх работнікаў. 3 верасня Папа прыме ўдзел у экуменічнай і міжрэлігійнай сустрэчы і ўзначаліць святую Імшу. На завяршэнне візіту, 4 верасня, Францішак сустрэнецца з работнікамі дабрачынных структур і ўзначаліць інаўгурацыю каталіцкага Дома міласэрнасці ва Улан-Батары.
 

31 жніўня 2023, 18:43