Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец плануе наведаць Косава

Пра жаданне наведаць Косава ў бліжэйшы час Папа заявіў у інтэрв’ю іспанскаму выданню Vida Nueva. Ён таксама сказаў, што ў 2024 годзе плануе адправіцца ў Аргенціну.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я не паеду ў ніводную з вялікіх краін Еўропы, пакуль не закончу наведваць маленькія”, - прызнаўся Святы Айцец, дадаючы, што цяпер, здаецца, чарга падышла да візіту ў Косава. Ідэя адправіцца туды з’явілася пасля прыняцця на аўдыенцыі прэм’ер-міністра гэтай краіны Альбіна Курці ў чэрвені 2023 года. Канчаткова рашэнне адносна гэтага падарожжа, аднак, яшчэ не прынята, - удакладніў Пантыфік.

Гаворачы пра дыпламатычныя намаганні Святога Пасаду на карысць міру ва Украіне, Францішак заўважыў, што кардынал Матэа Дзупі можа адправіцца ў Пекін, пасля таго як ужо наведаў з мірнай місіяй Кіеў, Маскву і Вашынгтон. На думку Папы, ЗША і Кітай могуць паўплываць на зніжэнне напружанасці канфлікту. Францішак падзяліўся жаданнем прызначыць пастаяннага прадстаўніка, які мог бы служыць мостам паміж расійскімі і ўкраінскімі ўладамі.

Пантыфік распавёў, што Святы Пасад рыхтуе сустрэчу рэлігійных лідараў, прысвечаную праблеме міру. Яна павінна адбыцца ў Абу-Дабі напярэдадні Саміту ААН па клімаце, які пройдзе там жа напрыканцы года. “Гэту ініцыятыву каардынуе кардынал Паралін. Ёсць жаданне правесці яе па-за Ватыканам, на нейтральнай тэрыторыі, якая запрашае ўсіх да сустрэчы”, - дадаў ён.

Скіроўваючы позірк на сітуацыю ў Касцёле, Францішак выказаў перакананасць у тым, што яшчэ не наступіў час для правядзення Трэцяга Ватыканскага Сабора. У гэтым няма неабходнасці, бо яшчэ не было цалкам рэалізавана тое, што было пастаноўлена на апошнім Саборы, адзначыў Святы Айцец.
 

04 жніўня 2023, 13:03