Пошук

Святы Айцец паспавядаў маладых удзельнікаў СДМ

Трэці дзень свайго Апостальскага падарожжа ў Партугалію з нагоды Сусветных дзён моладзі Францішак распачаў з удзялення сакрамэнту споведзі тром удзельнікам форума з Іспаніі, Гватэмалы і Італіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Раніцай 4 жніўня Святы Айцец наведаў лісабонскі Парк імя Васка да Гамы, дзе быў арганізаваны так званы Парк прабачэння – спецыяльная прастора, якая стала галоўным месцам споведзі для ўдзельнікаў СДМ. Тут былі ўстаноўлены каля 150 канфесіяналаў, зробленых зняволенымі партугальскіх турмаў. 

Вернікі прывіталі Пантыфіка радаснымі спевамі. Ён заняў месца ў адным з канфесіяналаў і пачаў спавядаць пілігрымаў. У гэты час парк быў прасякнуты глыбокай малітоўнай цішынёй. На заканчэнне свайго візіту Святы Айцец прывітаў маладых людзей, якія прысутнічалі там.

04 жніўня 2023, 11:13