Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Айцец: Касцёл павінен суправаджаць свет працы

Праца – гэта не проста вытворчая дзейнасць, але сродак, з дапамогай якога мы супрацоўнічаем з Богам у справе стварэння і рэалізуем сябе як людзі, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец скіраваў пасланне да ўдзельнікаў XIV Генеральнай асамблеі Рабочага брацтва іспанскага аддзялення руху Каталіцкая акцыя, якая праходзіць з 12 па 15 жніўня 2023 года ў Сеговіі. У сваім лісце ён нагадаў пра каштоўнасць працы як найважнейшага кампанента жыцця і годнасці чалавека.

“Гэта не проста вытворчая дзейнасць, але сродак, з дапамогай якога мы супрацоўнічаем з Богам у справе стварэння і рэалізуем сябе як людзі”, бо гэтак – “праз свабодную, творчую, салідарную працу, якая не выключае ўдзел, – чалавек выяўляе і павялічвае годнасць свайго жыцця” (Evangelii Gaudium, 192), - зазначыў Пантыфік.

“Праца ва ўсіх яе формах дазваляе нам удзельнічаць у стварэнні больш справядлівага і братэрскага свету. “У любым выпадку, у гэтых акалічнасцях мы пакліканы быць асобамі-амфарамі, каб даць напіцца іншым. Часам амфара ператвараецца ў цяжкі крыж, але менавіта на крыжы Пан быў прабіты і даў нам сябе як крыніцу жывой вады. Не дазволім пазбавіць нас надзеі! (Evangelii Gaudium, 86)”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл абавязаны суправаджаць людзей свету працы на перыферыях, “не абмяжоўваючыся прамовамі ці асобнымі акцыямі”, але будучы пастаянным сведчаннем салідарнасці і падтрымкі тых, “хто апынуўся ў сітуацыі працоўнай і сацыяльнай уразлівасці”.

“Быць Касцёлам, які суправаджае перыферыі, значыць быць блізкімі да тых, хто пакутуе ад адсутнасці працы і магчымасцей. Мы павінны быць актыўнай прысутнасцю, ісці разам з імі, слухаць іх і супрацоўнічаць з імі ў пошуку справядлівых і доўгатрывалых рашэнняў. Наша хрысціянская дзейнасць не можа абмяжоўвацца сценамі нашых касцёлаў, яна падштурхоўвае выходзіць насустрач тым, хто найбольш патрабуе нашай любові і нашага братэрства”, - напісаў Францішак.

Папа адзначыў важнасць быцця на баку людзей, якія сутыкаюцца з безнадзейнасцю і адчужэннем з прычыны адсутнасці працы. “У свеце, дзе беспрацоўе па-ранейшаму закранае многія сем’і, наша задача як Касцёла – аказваць ім падтрымку і дарыць надзею, заахвочваць іх не губляць давер і шукаць магчымасці, каб вярнуцца ў свет працы”, - сцвердзіў ён.

Пантыфік заклікаў членаў Рабочага брацтва ўмацоўваць повязі братэрства, несці святло Евангелля і будаваць больш справядлівае грамадства. “Няхай Святы Дух накіроўвае вашу працу і ўмацоўвае ў штодзённых абавязацельствах. Я дзякую вам за адданасць і благаслаўляю вашу асамблею. Пойдзем наперад, прыкладзем усе свае намаганні, але дазволім, каб гэта Ён учыніў нашыя высілкі настолькі плённымі, наколькі Яму падабаецца”, - заахвоціў Святы Айцец.
 

14 жніўня 2023, 11:00