Пошук

Святы Айцец: Евангелле абвяшчаецца на матчынай мове

Святы Хуан Дыега быў пакорным чалавекам, таму стаў пасланнікам Гвадэлупскай Панны, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 23 жніўня 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны апостальскай руплівасці і евангелізацыйнаму запалу, прапанаваўшы паглядзець на сведчанне святога Хуана Дыега, пасланніка Маці Божай Гвадэлупскай.

Пантыфік нагадаў, што Евангелле дасягнула Амерыкі раней за аб’яўленні Багародзіцы ў Гвадэлупэ, але замест яго інкультурацыі вельмі часта адбывалася перанясенне ўжо існуючых мадэляў з адсутнасцю павагі да карэнных народаў. “Гвадэлупская Панна, аднак, аб’явілася, апранутая ў адзенне аўтахтоннага насельніцтва, размаўляла на яго мове, прымала і любіла мясцовую культуру”, - заўважыў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што Евангелле павінна перадавацца на “матчынай мове”, найбольш зразумелай людзьмі. У сувязі з гэтым ён падзякаваў маці і бабулям, якія часта становяцца першымі прапаведніцамі для сваіх дзяцей і ўнукаў.

Гаворачы пра постаць святога Хуана Дыега, Францішак падкрэсліў, што ён быў “пакорным чалавекам, індзейцам з народу”, але менавіта “на яго паў позірк Бога, якому падабаецца чыніць цуды праз малых”. У снежні 1531 года Хуан Дыега, які меў тады 55 гадоў, убачыў Багародзіцу: Яна заклікала яго пайсці да біскупа і папрасіць пабудаваць на гэтым месцы храм. Біскуп не адразу паверыў у сапраўднасць марыйнага аб’яўлення і таму Хуан Дыега быў вымушаны прыходзіць да яго з просьбай шмат разоў, а Маці Божая ўвесь гэты час суцяшала і падтрымлівала яго.

“Вось яны, цяжкасці і выпрабаванні абвяшчэння: нягледзячы на запал, прыходзяць непрадбачаныя абставіны, часам з боку самога Касцёла. Каб абвяшчаць не дастаткова сведчыць дабро, трэба ўмець зносіць зло... Для інкультурацыі Евангелля і евангелізацыі культур у многіх месцах таксама і сёння патрэбны пастаянства і цярплівасць, трэба не баяцца канфліктаў, не падаць духам”, - адзначыў Пантыфік.

Біскуп паверыў у аб’яўленне Багародзіцы толькі пасля таго, як убачыў цудоўны знак: Хуан Дыега прынёс яму кветкі, загорнутыя ў плашч, а калі раскрыў яго, на тканіне з’явілася выява Панны Марыі, у вачах якой былі адлюстраваны вобразы ўсіх удзельнікаў тых падзей.

“Калі ёсць жаданне і паслухмянасць” Бог “можа зрабіць нечаканае”, - зазначыў Папа, дадаючы, што ўрэшце рэшт біскуп збудаваў санктуарый, аб чым Багародзіца прасіла яго праз свайго пакорнага пасланніка.

Хуан Дыега прысвяціў усё сваё жыццё служэнню ў гэтым месцы, дзе прымаў і евангелізаваў пілігрымаў. Менавіта гэта адбываецца ў марыйных санктуарыях у нашыя дні. “Нам неабходна прыходзіць у гэтыя аазісы суцяшэння і міласэрнасці, дзе вера выражаецца на матчынай мове; дзе аддаём жыццёвыя цяжкасці ў рукі Багародзіцы і вяртаемся да жыцця са спакоем у сэрцы”, - сцвердзіў Францішак на заканчэнне сваёй катэхезы.
 

23 жніўня 2023, 10:30

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >