Пошук

Папа: сведчанне Евангелля прадугледжвае цярплівае нясенне крыжа

Сведчанне Евангелля датычыць не толькі прыемнага; мы павінны быць здольнымі з цярплівасцю, даверам і надзеяй несці нашы штодзённыя крыжы, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 30 жніўня 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак працягнуў цыкл катэхез пра апостальскі запал і евангелізацыйную руплівасць, прапанаваўшы паглядзець на прыклад святой Катэры Тэкаквіты, першай кананізаванай карэннай жыхаркі Паўночнай Амерыкі. Яна нарадзілася каля 1656 года ў невялікай вёсцы на тэрыторыі сучаснага штата Нью-Ёрк, была дачкой неахрышчанага правадыра племені магаўкаў і хрысціянкі з народу англанкінаў, якая навучыла яе маліцца і спяваць гімны на хвалу Бога.

“Таксама многія з нас былі першы раз прадстаўлены Пану ў сямейным асяроддзі, асабліва нашымі маці і бабулямі... Евангелізацыя часта пачынаецца так: праз простыя, малыя жэсты, калі бацькі дапамагаюць дзецям навучыцца размаўляць з Богам у малітве і расказваюць ім пра Яго вялікую і міласэрную любоў”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што менавіта так закладаюцца асновы веры.

Калі Катэры было чатыры гады, на яе народ абрынулася эпідэмія воспы. Яе бацькі і малодшы брат памерлі, а ў самой Катэры засталіся воспіны на твары і ўзніклі праблемы са зрокам. З таго моманту будучая святая павінна была перажыць шмат цяжкасцей: фізічных, з прычыны наступстваў воспы, а таксама неразуменне, пераслед і нават пагрозы смерцю, якія спазнала пасля свайго хросту, у пасхальную нядзелю 1676 года.

“Усё гэта напоўніла Катэры моцнай любоўю да крыжа, знака безумоўнай любові Хрыста, які да канца падарыў сябе нам. Сведчанне Евангелля датычыць не толькі прыемнага; мы павінны таксама быць здольнымі з цярплівасцю, даверам і надзеяй несці нашы штодзённыя крыжы”, - сказаў Папа, дадаючы, што хрысціянін павінен быць цярплівым перад абліччам цяжкасцей, а таксама перад абліччам іншых людзей, якія бываюць надакучлівымі ці ствараюць цяжкасці.

“Жыццё Катэры Тэкаквіты паказвае нам, што кожны выклік можа быць пераможаны, калі адкрыем сэрца Езусу, які дае ласку, патрэбную нам. Цярплівасць і адкрытае на Езуса сэрца – гэта рэцэпт добрага жыцця”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пасля хросту Катэры была вымушана ўцячы ад магаўкаў у місію езуітаў каля Манрэаля. Там яна кожнай раніцы прымала ўдзел у святой Імшы, прысвячала час адарацыі перад Найсвяйцейшым Сакрамэнтам, малілася Ружанец і вяла пакаяннае жыццё. Гэты духоўныя практыкі ўражвалі ўсю місію; езуіты распазналі ў Катэры святасць, якая прыцягвала, бо нараджалася з глыбокай любові да Бога. У той жа час, яна вучыла дзяцей маліцца, а праз адказнае выкананне сваіх абавязкаў, уключаючы клопат пра хворых і пажылых, давала прыклад пакорнага і поўнага любові служэння Богу і бліжняму.

Францішак нагадаў, што Катэры заахвочвалі выйсці замуж, але яна хацела цалкам прысвяціць сваё жыццё Хрысту. Не маючы магчымасці ўвайсці ў кансэкраванае жыццё, яна склала абяцанне вечнага дзявоцтва. Па словах Святога Айца, гэты яе выбар паказвае іншы аспект апостальскага запалу, які яна мела: поўнае прысвячэнне сябе Пану.

“Вядома не ўсе пакліканы складаць такое абяцанне, якое склала Катэры, аднак, кожны хрысціянін пакліканы кожны дзень з непадзельным сэрцам аддаваць сябе пакліканню і місіі, давераных яму Богам, служачы Яму і бліжняму ў духу любові”, - дадаў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры, жыццё Катэры – гэта чарговае сведчанне таго, што апостальскі запал прадугледжвае як жыццёвае адзінства з Езусам, умацаванае малітвай і сакрамэнтамі, так і жаданне распаўсюджваць прыгажосць хрысціянскага паслання праз вернасць уласнаму асабліваму пакліканню”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заахвоціў вернікаў па прыкладзе святой Катэры Тэкаквіты, навучыцца “рабіць звычайныя ўчынкі надзвычайным чынам” і такім чынам “узрастаць кожны дзень у веры, любові і руплівым сведчанні Хрыста”. “Не будзем забываць: кожны з нас пакліканы да святасці, святасці штодзённай, святасці супольнага хрысціянскага жыцця. Кожны з нас мае гэта пакліканне: пойдзем наперад па гэтым шляху, а ў Пану не будзем мець нястачы”, - запэўніў на завяршэнне катэхезы Папа.
 

30 жніўня 2023, 10:30

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >