Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік зацвердзіў нормы дзейнасці экзархату для ўкраінцаў у Італіі

Францішак зацвердзіў Асобныя нормы для Апостальскага экзархату для ўкраінскіх католікаў візантыйскага абраду ў Італіі. Адпаведны рэскрыпт быў абнародаваны 28 жніўня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У дакуменце зазначаецца, што Святы Айцец, падчас аўдыенцыі для арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці, прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, “беручы пад увагу той факт, што захаванне ўласнай тоеснасці карыснае для захавання і ўмацавання каталіцкай веры”, прыняў прапанову аб зацвярджэнні пэўных норм, пакліканых дапамагчы ў арганізацыі плённага духоўнага клопату над вернікамі, якія належаць да экзархату, заснаванага 11 ліпеня 2019 года булай Christo Salvatori.

Нормы, зацверджаныя Пантыфікам, прадугледжваюць, што да Апостальскага экзархату належаць вернікі Украінскай грэка-каталіцкай Царквы, якія пастаянна ці часова пражываюць у Італіі.

Ад імя Святога Айца экзархатам кіруе Апостальскі экзарх, які з’яўляецца “паўнапраўным членам Канферэнцыі Біскупаў Італіі”, і таму “падпарадкоўваецца правілам, што рэгулююць яе дзейнасць, і выконвае яе дырэктывы”. У выкананні сваіх абавязкаў ён “павінен падтрымліваць блізкія сувязі еднасці і каардынацыі” з італьянскімі біскупамі, на тэрыторыі якіх прысутнічаюць структуры экзархату. Заўважаецца, што для заснавання персанальных парафій экзарх павінен выслухаць меркаванне мясцовых біскупаў, пасля чаго – паінфармаваць Дыкастэрыю па справах Усходніх Цэркваў.

Таксама адзначаецца, што святары экзархату павінны дбаць пра ўмацаванне сувязяў адзінства са святарамі італьянскіх дыяцэзій ці епархій, на тэрыторыі якіх здзяйсняюць служэнне. “У гэтым духу яны павінны падтрымліваць супольныя душпастырскія і дабрачынныя ініцыятывы, якія могуць быць аб’ектам асаблівых дамоў ці канвенцый, заключаных паміж экзархам і мясцовым біскупам”, - гаворыцца ў Асобных нормах.

Дакумент прадугледжвае, што “душпастырскае служэнне і прабыванне па матывах вучобы ў Італіі святароў Украінскай грэка-каталіцкай Царквы рэгулюецца пагадненнямі, згодна з узорамі, устаноўленымі Канферэнцыяй Біскупаў Італіі паміж адпаведнымі іерархамі і экзархам”. Калі гэтыя дамовы заключаюцца з італьянскім дыяцэзіяльным ці епархіяльным біскупам, неабходна атрымаць дазвол ад экзарха.

Нормы дазваляюць экзарху, з дазволу Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, засноўваць новыя Інстытуты кансэкраванага жыцця і Таварыствы апостальскага жыцця.
 

28 жніўня 2023, 12:06