Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: у час эпідэміі недружалюбнасці ствараць культуру міру

Ствараць культуру міру праз канкрэтныя жэсты і супольныя рашэнні, перамагаючы індывідуалізм і пракладаючы шляхі сустрэчы і дыялогу, - заклікаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа прывітаў удзельнікаў 44-й Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі, якая пройдзе 20-21 жніўня 2023 года ў італьянскім Рыміні. Ініцыятарам форума выступае рух Камунія і вызваленне (Comunione e Liberazione). Тэма сёлетняга мерапрыемства: Чалавечае існаванне – невычэрпнае сяброўства.

Сустрэча праходзіць у складаны гістарычны момант: вайна і падзелы “сеюць у сэрцах людзей крыўды і страх, а іншы часта разумеецца як праціўнік”. “Глабальная і ўсёпранікальная камунікацыя” робіць гэта “распаўсюджанае стаўленне” менталітэтам. Адрозненні ўспрымаюцца як “сімптомы варожасці” і такім чынам узнікае свайго роду “эпідэмія недружалюбнасці”, - заўважыў Пантыфік у пасланні, скіраваным за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна.

Наш час “пазначаны індывідуалізмам і абыякавасцю, якія ствараюць самотнасць і розныя формы адчужэння”. Гэта сітуацыя, з якой “немагчыма выйсці сваімі сіламі”. “Ніхто не можа збавіцца ў адзіночку” і менавіта таму ў пэўны момант гісторыі Бог паслаў нам свайго Сына, каб навучыць людзей шляхам братэрства. “Хрыстус перамог самотнасць чалавека, падарыўшы яму сваё сяброўства”, - гаворыцца ў пасланні Свята Айца.

Папа падкрэсліў, што сяброўства робіць большым сэрца чалавека. “Верныя сябры, якія знаходзяцца побач з намі ў цяжкія хвіліны, з’яўляюцца адлюстраваннем любові Пана, Яго суцяшэння і Яго любячай прысутнасці. Наяўнасць сяброў вучыць нас быць адкрытымі, разумець, клапаціцца пра іншых, выходзіць з нашага камфорту і ізаляцыі, дзяліцца жыццём з іншымі” (Christus vivit, 151), - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што любоў да іншага чалавека “пабуджае нас шукаць таго, што найлепшае для яго жыцця” і “толькі развіваючы гэты спосаб міжчалавечых адносінаў, мы зробім магчымым сацыяльнае сяброўства, якое нікога не выключае, і братэрства, якое адкрыта для ўсіх”.

Паводле Папы, менавіта сацыяльнае сяброўства з’яўляецца “адзіным шансам у самых драматычных сітуацыях, у тым ліку перад абліччам вайны”. Ён заклікаў хрысціян “не заставацца глухімі да крыку, які ўзносіцца да Бога з нашага свету”.

У цяперашні час “прамоў недастаткова”, але патрэбны “канкрэтныя жэсты” і “супольныя рашэнні”, якія будуць “ствараць культуру міру там, дзе жыве кожны з нас”: трэба “прымірыцца ў сям’і, з сябрамі ці бліжнімі, маліцца за параненага, заўважыць чалавека ў патрэбе і дапамагчы яму, несці словы міру ў школы, універсітэты ці грамадскае жыццё, намасціць блізкасцю таго, хто адчувае сябе самотным”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец пажадаў, каб форум у Рыміні стаў месцам сяброўства паміж людзьмі і народамі, адкрываючы шляхі сустрэчы і дыялогу; каб спрыяў сяброўству, якое заключаецца ў тым, каб дазволіць іншаму чалавеку ўвайсці ў наша жыццё; каб прасоўваў культуру сустрэчы, адкрытую на ўсіх, не выключаючы нікога.

“Няхай кожны ўдзельнік зможа навучыцца набліжацца да іншых на падабенства Езуса, які “заўсёды працягвае руку, заўсёды імкнецца падтрымаць, зрабіць так, каб людзі аздаравіліся, каб былі шчаслівыя, каб сустрэлі Бога, каб узрасталі ў сацыяльным сяброўстве і сяброўстве паміж народамі”, - пажадаў Пантыфік.
 

18 жніўня 2023, 11:28