Пошук

Папа да дабрачынцаў: дапамога іншым павінна быць канкрэтнай

Рабіць дабро ўсім разам, здзяйсняць канкрэтныя справы і быць побач з самымі ўразлівымі, - заклікаў Францішак прадстаўнікоў дабрачынных арганізацый падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Партугалію.

Марыя Валодзіна – Vatican News

4 жніўня 2023 года Святы Айцец наведаў сацыяльный цэнтр пры парафіі святога Вінцэнта дэ Поля ў Лісабоне. Парафія размешчана ў перыферыйным раёне Серафіна, дзе пражываюць бедныя слаі насельніцтва. Пры дабрачынным цэнтры дзейнічаюць дзіцячы садок, школа, гурткі для дзяцей і падлеткаў, дом састарэлых, дзённы цэнтр для пажылых людзей і інвалідаў, служба падтрымкі на даму. Верная вучэнню свайго заступніка, парафія святога Вінцэнта дэ Поля служыць людзям, незалежна ад расы, веравызнання, колеру скуры або сацыяльнага класа.

На сустрэчы прысутнічалі і сведчылі прадстаўнікі дабрачынных структур, якія дапамагаюць будучым маці і сем'ям, дзецям і падлеткам у бядзе, а таксама тым, хто вядзе барацьбу з ракам.

У сваёй прамове Папа падзякаваў парафіяльнаму святару і ўсім прысутным за ветлівыя словы і гасціннасць. Ён узгадаў дэвіз Сусветных дзён моладзі, які нагадвае аб тым, што Марыя паспяшыла дапамагаць пажылой сваячцы Альжбеце (Лк 1, 39). Святы Айцец адзначыў, што дабрачыннасць з'яўляецца “крыніцай і мэтай хрысціянскага шляху”, і засяродзіў увагу на некаторых яе аспектах.

Першы аспект – неабходнасць рабіць дабро разам. Жыць, дапамагаць і любіць разам: малыя разам з дарослымі, здаровыя разам з хворымі. Мы не павінны дазваляць хваробе "вызначаць" нашу асобу, таму што мы – не хвароба або праблема. Кожны з нас – унікальны, каштоўны і святы дар для Бога, хрысціянскай супольнасці і чалавецтва, - адзначыў Пантыфік.

Другі аспект – канкрэтныя справы. Папа заклікаў дабрачынцаў дзейнічаць "тут і цяпер", клапаціцца пра дэталі, задавальняць канкрэтныя патрэбы. “Не існуе абстрактнай любові”, - заўважыў Францішак, запрашаючы кожнага спытаць сябе, якую любоў ён адчувае: канкрэтную ці абстрактную? Спытаць сябе, ці не баіцца ён працягнуць руку хвораму, ізгою, ці не шукае "дыстыляванага жыцця", якое існуе толькі ў яго фантазіі. Колькі дыстыляваных жыццяў праходзяць бясследна, таму што “не маюць вагі”, - папярэдзіў Папа, дадаючы, што, наадварот, канкрэтная дапамога іншым людзям пастаянна спараджае новае жыццё і натхненне.

04 жніўня 2023, 12:35