Пошук

Тэлемост з Папам падчас Усерасійскай сустрэчы каталіцкай моладзі Тэлемост з Папам падчас Усерасійскай сустрэчы каталіцкай моладзі 

Пантыфік расійскай каталіцкай моладзі: сеяць зерні прымірэння

Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў Усерасійскай сустрэчы каталіцкай моладзі падчас тэлемоста, які 25 жніўня 2023 года злучыў Ватыкан і Санкт-Пецярбург.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прапанаваў маладым расійскім католікам паразважаць над дэвізам Сусветных дзён моладзі, якія прайшлі ў Лісабоне: Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну (Лк 1,39). Ён нагадаў, што Бог кліча, каб мы выйшлі і адправіліся ў шлях. “Калі Бог кліча, мы не можам заставацца на месцы, мы павінны ўстаць і паспяшыць, бо свет, брат, пакутуючы, той, хто знаходзіцца побач і не ведае Божай надзеі, мае патрэбу ў тым, каб атрымаць яе”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў пра сваю мару аб Касцёле, у якім ніхто не будзе лішнім. “Прашу вас, каб Касцёл не быў мытняй, якая адсейвае тых, хто ўвойдзе, і тых, хто не”, - сцвердзіў ён, дадаючы, што ўваход у Касцёл павінен быць адкрытым для ўсіх.

“Згадайце Евангелле: калі гаспадар вяселля паслаў на ростані і сказаў: “Пайдзіце і запрасіце ўсіх”. Не забывайце гэта слова: усіх. Касцёл – для ўсіх: маладых і старых, здаровых, хворых, справядлівых і грэшнікаў. Вось, што меў на ўвазе Езус – для ўсіх...”, - сказаў Францішак.

Пантыфік нагадаў пра важнасць адносін паміж моладдзю і пажылымі людзьмі, а таксама заклікаў будаваць масты паміж пакаленнямі, дзякуючы чаму можа быць захавана гісторыя і культура народа.

“Я жадаю вам, маладыя расіяне, паклікання быць рамеснікамі міру пасярод мноства канфліктаў і палярызацый, якія з усіх бакоў абрушваюцца на наш свет. Я заклікаю вас быць сейбітамі зерняў прымірэння, малых зярнятаў, якія ў гэтую ваенную зіму яшчэ не прарастуць у прамерзлай зямлі, але аднойчы ўзыдуць вясной. Як я казаў у Лісабоне: “Майце адвагу замяніць страхі марамі: замяніць страхі марамі”, - заахвоціў Папа, заклікаючы “мець раскошу марыць па-вялікаму”.
 

26 жніўня 2023, 12:54