Пошук

Францішак накіраваўся з апостальскім візітам у Партугалію

Раніцай 2 жніўня 2023 года Папа распачаў сваё 42-е апостальскае падарожжа. Ён наведае Партугалію з нагоды Сусветных дзён моладзі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У 8 гадзін раніцы па сярэднееўрапейскім часе самалёт Airbus A320neo авіякампаніі ITA Airways з Пантыфікам на борце выляцеў з Рыма ў Лісабон. Вылет адбыўся з 5-га тэрмінала аэрапорта імя Леанарда да Вінчы ў Ф’юмічына.

Палёт працягнецца каля 3 гадзін. За гэты час самалёт пераадолее адлегласць у амаль дзве тысячы кіламетраў, перасячэ паветраную прастору Італіі, Францыі, Іспаніі і Партугаліі. Пралятаючы над тэрыторыямі гэтых дзяржаў, Святы Айцец па традыцыі скіруе іх кіраўнікам прывітальныя тэлеграмы. Прызямленне ў Лісабоне запланавана на 10.00 раніцы па мясцовым часе.

Кіраваць палётам будзе дасведчаны камандзір Карада дзі Марыя з 18 тысячамі гадзін лётнага вопыту. Палёт пройдзе з увагай да навакольнага асяроддзя: самалёт гарантуе на 20 працэнтаў меншы расход паліва і выкідаў CO2 на пасажыра, чым паветраныя судны папярэдняга пакалення.

Па традыцыі суправаджаць Францішка і яго дэлегацыю будуць прадстаўнікі СМІ. Плануецца, што на борце самалёта Папа сфатаграфуецца з экіпажам, прывітае журналістаў і паснедае.

Святы Айцец застанецца ў Партугаліі да 6 жніўня. Падчас візіту ён узначаліць набажэнства Крыжовага шляху, наведае марыйны санктуарый у Фаціме, паўдзельнічае ў малітоўным моладзевым чуванні, сустрэнецца з уладамі, духавенствам, дабрачынцамі, хворымі. У апошні дзень пілігрымкі Папа ўзначаліць святую Імшу на заканчэнне моладзевага форума.

Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне пройдуць пад дэвізам Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла (Лк 1, 29).

Напярэдадні паездкі Пантыфік здзейсніў традыцыйны прыватны візіт у рымскую базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся перад іконай Salus Populi Romani, даверыўшы Багародзіцы сваё падарожжа і ўсіх удзельнікаў СДМ.

Акрамя таго, перад ад'ездам у Лісабон раніцай 2 жніўня Францішак сустрэўся ў Доме святой Марты з групай юнакоў і дзяўчат, якія не могуць прыняць удзел у Сусветных днях моладзі, бо аднаўляюцца ў тэрапеўтычнай супольнасці. Сярод іх былі некалькі бабуль і дзядуль з унукамі. Гэтая сустрэча, як і нядаўні Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, падкрэсліла сувязь паміж пакаленнямі, якія падтрымліваюць адно аднаго і вучацца адно ў аднаго.

02 жніўня 2023, 08:15