Пошук

Папа Ян Павел ІІ і кардынал Жэралду Мажэла Ангелу Папа Ян Павел ІІ і кардынал Жэралду Мажэла Ангелу  

Францішак моліцца за памерлага кардынала Жэралду Ангелу

Святы Айцец запэўніў у малітве аб вечным супакоі для душы бразільскага кардынала Жэралду Мажэла Ангелу, памерлага 26 жніўня 2023 года ў 89-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак з глыбокім смуткам прыняў паведамленне пра смерць іерарха і выказаў свае спачуванні Касцёлу ў Бразіліі. “Мае малітвы з’яўляюцца таксама падзякай Богу за доўгія гады яго служэння, прысвечанага Святой Маці Касцёлу, у якім ён заўсёды кіраваўся апостальскім запалам, у розных місіях, давераных яму як біскупу Таледа, арцыбіскупу Ландрыны, сакратара Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў, і нарэшце, арцыбіскупа-прымаса Бразіліі і старшыні біскупскай Канферэнцыі”, - гаворыцца ў тэлеграме, якую Папа скіраваў на імя кардынала Сэржыў да Роша, арцыбіскупа Сан-Сальвадора-да-Бая і прымаса Бразіліі.

Жэралду Мажэла Ангелу нарадзіўся 19 кастрычніка 1933 года ў Жуіс-дзі-Форы ў Бразіліі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1957 годзе. У 1969 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па святой літургіі ў Папскім інстытуце святога Анзэльма. Займаўся душпастырскай і выкладчыцкай дзейнасцю.

З 1978 па 1982 годзе быў біскупам Таледа ў Бразіліі, з 1982 па 1991 год – арцыбіскуп Ландрыны. Затым, з 1991 па 1999 год працаваў у Ватыкане на пасадзе сакратара Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыплівы сакрамэнтаў. У 1999 годзе вярнуўся ў Бразілію і да 2011 года служыў на пасадзе арцыбіскупа Сан-Сальвадора-да-Бая і прымаса Бразіліі. У 2001 годзе атрымаў кардынальскую годнасць.
 

28 жніўня 2023, 09:35