Пошук

Арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс Арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс  

Папа прызначыў свайго земляка прэфектам Дыкастэрыі веравучэння

Францішак прызначыў арцыбіскупа Віктара Мануэля Фернандэса прэфектам Дыкастэрыі веравучэння і старшынёй Папскай біблійнай камісіі і Міжнароднай тэалагічнай камісіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аргенцінскі іерарх, які быў да сённяшняга дня арцыбіскупам Ла-Платы, зменіць на пасадзе кардынала Луіса Ладарыю Ферэра і прыступіць да выканання абавязкаў у сярэдзіне верасня 2023 года.

Фернандэс з 2009 па 2018 год быў рэктарам Папскага каталіцкага ўніверсітэта Аргенціны. 13 мая 2013 года Францішак надаў яму годнасць арцыбіскупа, а ў чэрвені 2018 года прызначыў пастырам Ла-Платы. Ён быў чальцом Папскай рады па культуры і кансультантам Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі. Зараз з’яўляецца чальцом Дыкастэрыі па культуры і адукацыі.

Акрамя кніг і навуковых артыкулаў, ён мае больш за 300 публікацый, многія з якіх перакладзены на розныя мовы. Гэтыя творы паказваюць важную біблейскую аснову і пастаянныя намаганні дыялогу тэалогіі з культурай, евангелізацыйнай місіяй, духоўнасцю і сацыяльнымі пытаннямі, - гаворыцца ў паведамленні Святога Пасада.

Францішак суправадзіў місію адмысловым лістом. “Як новаму прэфекту Дыкастэрыі веравучэння я даручаю вам заданне, якое лічу вельмі каштоўным. Яго галоўная мэта – ахоўваць вучэнне, якое вынікае з веры, каб “даць падставу для нашай надзеі, але не як ворагі, якія паказваюць і асуджаюць”.

Папа зрабіў гістарычную спасылку і адзначыў, што структура, якую ўзначаліць арцыбіскуп Фернандэс, у мінулым “прымяняла амаральныя метады”. “Гэта былі часы, калі замест прасоўвання тэалагічных ведаў пераследаваліся магчымыя дактрынальныя памылкі. Ад вас я чакаю зусім іншага”, - напісаў ён.

“Улічваючы, што для дысцыплінарных пытанняў, звязаных асаблівым чынам з злоўжываннямі адносна непаўналетніх, нядаўна была створана спецыяльная секцыя з вельмі кампетэнтнымі спецыялістамі”, Пантыфік папрасіў новага прэфекта сканцэнтравацца на “галоўнай мэце дыкастэрыі, якая заключаецца ў “падтрымцы веры”. Гаворка ідзе пра “павышэнне інтэлектуальнага ўзроўню і перадачу веры на службе евангелізацыі, каб яе святло магло стаць крытэрыем разумення сэнсу існавання, асабліва перад абліччам пытанняў, пастаўленых прагрэсам навукі і развіццём грамадства”.

Больш за тое, дадаў Святы Айцец, Касцёл “павінен узрастаць у сваёй інтэрпрэтацыі аб'яўленага Слова і ў разуменні праўды”, не маючы на ўвазе пры гэтым навязвання адзінага спосабу яе выражэння. Гарманічны рост розных накірункаў філасофскай, тэалагічнай і пастырскай думкі, лічыць Францішак, “захавае хрысціянскую дактрыну больш эфектыўна, чым любы механізм кантролю”.

Паводле Пантыфіка, Касцёл павінен “заахвочваць харызму тэолагаў і іх намаганні ў тэалагічных даследаваннях”, але яны не могуць “задавольвацца кабінетнай тэалогіяй” і мець “халоднай і жорсткай логікі, якая імкнецца дамінаваць над усім”. Рэальнасць вышэйшая за ідэю, - падкрэсліў Францішак у сваім лісце. - “Патрэбна думка, якая ўмее пераканаўча прадставіць Бога, Які любіць, Які прабачае, Які збаўляе, Які вызваляе, Які спрыяе людзям і заклікае іх да братэрскага служэння”.

“Ваша задача таксама прадугледжвае асаблівы клопат аб тым, каб дакументы Вашай і іншых Дыкастэрый мелі адэкватную тэалагічную падставу, былі ўзгоднены з багатай глебай шматгадовага вучэння Касцёла і ў той жа час улічвалі цяперашняе Настаўніцтва”, - напісаў Святы Айцец да новага прэфекта Дыкастэрыі веравучэння.
 

01 ліпеня 2023, 12:58