Пошук

Папа Францішак з маладым камерунцам Бентола Папа Францішак з маладым камерунцам Бентола  (© Nello Scavo - Avvenire)

Папа прывітаў мігранта, які перажыў гвалт і караблекрушэнне

Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў няўрадавай арганізацыі Mediterranea Saving Humans, сярод якіх быў малады бежанец з Камеруна, былы вязень лівійскіх лагераў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

21 ліпеня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Доме святой Марты дэлегацыю няўрадавай арганізацыі Mediterranea Saving Humans, якую заснаваў італьянец Лука Казарыні. Арганізацыя дапамагае ўцекачам распачаць новае жыццё. Гаворка на аўдыенцыі ішла аб сітуацыі мігрантаў і парушэннях правоў чалавека ў Афрыцы, у прыватнасці, у Тунісе і Лівіі.

Крыжовы шлях Бентола

Францішку распавялі гісторыю маладога мігранта Бентола, які ўцёк з Камеруна ў 2020 годзе з-за працяглага канфлікту ў рэгіёне. Яго ўцёкі, як і ўцёкі шматлікіх афрыканскіх мігрантаў, былі пазначаны гвалтам, турэмным зняволеннем, караблекрушэннем, катаваннямі і гібеллю спадарожнікаў.

У італьянскім штодзённіку Avvenire распавядаецца, як падчас свайго падарожжа Бентола трапіў у палон да лівійскіх гандляроў людзьмі і быў прададзены дзяржаўным службам, якія даставілі яго ў лагер для ваеннапалонных у Завіі, а затым у лагер для бежанцаў у Зуары. У адным з цэнтраў утрымання ён сустрэў іншых хрысціянскіх бежанцаў з краін на поўдзень ад Сахары, некаторыя з якіх паміралі пасля працяглых катаванняў і пакут.

Побач з паміраючымі сябрамі

З лівійскай турмы Бентола ўдалося звязацца з некаторымі праваабаронцамі, да якіх можна было патэлефанаваць з дапамогай мабільнага тэлефона, схаванага зняволенымі. Праз актывістаў ён звязаўся з ксяндзом Маціа Ферары, папрасіўшы яго сказаць “паміраючым братам словы суцяшэння”. Святар памаліўся разам са зняволенымі па тэлефоне, суправаджаючы аднаго з таварышаў Бентола да самай смерці.

Затым след Бентола знік, пакуль аднойчы выратавальнае судна нямецкай гуманітарнай арганізацыі Sea Watch не выратавала ў Міжземным моры дзясяткі ўцекачоў, якія пацярпелі караблекрушэнне. Сярод іх быў і Бентола, які зараз жыве ў цэнтры па прыёму мігрантаў у Італіі.

Абдымкі Святога Айца

"Як гэта магчыма, што самы важны чалавек на Зямлі хоча сустрэцца са мной, чалавекам, у якога нават няма дакументаў?"- думаў Бентола напярэдадні сваёй сустрэчы з Пантыфікам.

Калі Францішак абняў яго, Бентола адчуў сябе “вылечаным ад усіх ран". "Я чакаў гэтай сустрэчы. Ваш жэст крануў мяне, - сказаў ён Францішку. - Цяпер я патэлефаную сябрам, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў турме ў Лівіі, і перадам ім благаслаўленне Святога Айца”.

"Калі Бентола звязаўся з намі з Лівіі больш за год таму, я не думаў, што калі-небудзь пабачу яго, - падзяліўся ксёндз Ферары. - Многія людзі заўсёды вучылі мяне, што калі мы любім, мы павінны змагацца да канца, і калі мы змагаемся да канца, адбываюцца цуды. Бентола змагаўся і ўрэшце трапіў у Еўропу. Ён не толькі тут, але сёння ажыццявілася яго мара сустрэцца з Папам Францішкам. Гэта здавалася нязбытнай марай, і вось яна стала рэальнасцю”.

23 ліпеня 2023, 09:24