Пошук

Францішак падчас сустрэчы з мігрантамі на Лампедузе Францішак падчас сустрэчы з мігрантамі на Лампедузе 

10 гадоў таму Папа паехаў на Лампедузу – востраў мігрантаў

Першае пастырскае падарожжа за межы Рыма пасля абрання, за выключэннем візіту да свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI у Кастэль Гандольфа, Францішак здзейсніў на востраў Лампедуза ў Міжземным моры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ён прыбыў туды 8 ліпеня 2013 года, моцна ўсхваляваны чарговым караблекрушэннем, каб памаліцца за мігрантаў з Афрыкі, якія загінулі ў моры, наведаць тых, хто выжыў, падбадзёрыць астраўчан і звярнуцца да ўсіх з заклікам клапаціцца пра братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў сітуацыі крайняй беднасці.

Прайшло 10 гадоў з дня цвярозага і стрыманага візіту, пра які тагачасны кіраўнік Залы Друку Святога Пасада, ксёндз Федэрыка Ламбардзі абвясціў усяго за сем дзён да яго правядзення.

Францішак правёў на Лампедузе асобную сустрэчу з мігрантамі, ушанаваў памерлых пусканнем вянка ў марскія хвалі і цэлебраваў святую Імшу, падчас якой падкрэсліў, што сёння мы часта губляем пачуццё братэрскай адказнасці, трапляем у крывадушнасць святара і левіта, пра якіх Езус кажа ў прыпавесці пра Міласэрнага Самараніна: “культура дабрабыту прымушае нас думаць толькі пра сябе, робіць нас неадчувальнымі да крыкаў іншых, прымушае нас жыць у мыльных бурбалках, прыгожых, але нікчэмных, ілюзіяй пустэчы, часовасці, якая вядзе да абыякавасці да іншых, нават больш – да глабалізацыі абыякавасці. (...) Мы прызвычаіліся да пакут бліжняга, гэта нас не датычыць, не цікавіць, гэта не наша справа”.

Падчас той гаміліі Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што “мара быць магутным, быць вялікім, як Бог, больш за тое, мара быць Богам, вядзе да ланцуга памылак, які з'яўляецца ланцугом смерці, вядзе да праліцця крыві брата”. Ён дадаў, што сёння ўсе мы “перасталі быць уважлівымі да свету, у якім жывём, не клапоцімся, не беражом тое, што Бог стварыў для ўсіх, мы нават не здольныя берагчы адно аднаго”.

На думку Францішка, сучаснае грамадства забылася пра тое, што такое плач, глабалізацыя абыякавасці пазбавіла нас здольнасці плакаць. Дзесяць гадоў таму ён заклікаў прасіць прабачэння ў Бога "за абыякавасць да шматлікіх братоў і сясцёр”, за тых, хто "замкнуўся ва ўласным дабрабыце, які вядзе да анестэзіі сэрца”. Гэта не страціла сваёй актуальнасці і сёння.

08 ліпеня 2023, 11:58