Пошук

Папа: толькі Дух Святы дае навяртанне і гармонію ў жыцці святара

“Духоўнае жыццё святара развіваецца не тады, калі захоўваюцца формы і прышываюцца латкі, але калі ініцыятыва застаецца за Духам Святым”, - адзначыў Папа, сустракаючыся 24 чэрвеня 2023 года з Служыцелямі Параклета.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Манаская кангрэгацыя, заснаваная ў 1947 годзе ксяндзом Джэральдам Фіцджэральдам у амерыканскім Джэмез-Спрынгс, займаецца служэннем святарам і манахам, якія перажываюць асабістыя цяжкасці. Яна названа ў гонар Духа Святога – Паракліта – заступніка і памочніка.

Францішак спаслаўся на “шлях ачышчэння, які перажывае Касцёл з прычыны трагедыі злоўжыванняў”. “У такой сітуацыі быць слугамі Параклета азначае прысвяціць сваё жыццё суправаджэнню святароў і кансэкраваных братоў, прапаноўваючы кожнаму з іх шлях аскезы, навяртання і абнаўлення, звязанага з духоўнасцю і пакліканнем”, - адзначыў ён.

Да духавенства, якое перажывае асабісты крызіс варта падыходзіць з пазіцыі Добрага Самараніна, - лічыць Папа. – Менавіта далучэнне да супольнасці, супольнасці малітваў, “дапамагае нанова адкрыць гармонію жыцця, якую заўсёды ставіць пад пагрозу крызіс паклікання”.

“Разам са святарамі, якіх вы суправаджаеце, вы пакліканы нанава адкрыць першаснасць духоўнага жыцця, усведамляючы, што святарская сталасць рэалізуецца тады, калі Дух Святы становіцца галоўным героем жыцця пасвечаных служыцеляў. (...) Пакіньце ініцыятыву Духу Святому – гэта Ён спрыяе навяртанню і гармоніі ў жыцці святара. Не варта цярпець двудушнасць, трэба выяўляць яе ў святле Духа Святога. Толькі Ён аздараўляе нас ад нявернасці (Ос 14, 5). Ён адзін, іншых метадаў няма”, - звярнуўся Пантыфік да Служыцелей Параклета.
 

24 чэрвеня 2023, 12:26