Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (bernardbodo.com)

Папа на Сусветны дзень пажылых: задумацца над сувяззю пакаленняў

Не пакідаць у самоце пажылых людзей, шанаваць і наведваць іх, - заахвоціў Папа ў сваім пасланні з нагоды III Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца 23 ліпеня 2023 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Тэма III Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей – “Міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне" (Лк 1, 50) – нагадвае пра сустрэчу маладой Маці Божая з састарэлай сваячкай Альжбетай (Лк 1, 39-56), падчас якой у Magnificat Панна Марыя абвясціла ласку Божую, якая распаўсюджваецца з пакалення ў пакаленне. “Святы Дух благаслаўляе і суправаджае кожную плённую сустрэчу паміж рознымі пакаленнямі, паміж дзядулямі і ўнукамі, паміж маладымі і старэйшымі”, - напісаў Францішак, дадаючы, што, перш за ўсё, Бог жадае, каб мы не пакідалі пажылых людзей, як, на жаль, гэта занадта часта адбываецца сёння.

Сёлетняя сугучнасць тэм двух святкаванняў – Сусветнага дня пажылых і Сусветных дзён моладзі – прымушае нас задумацца над сувяззю пакаленняў. Сустрэча з пажылымі людзьмі дазваляе моладзі захоўваць памяць, не забывацца пра сваю прыналежнасць да гісторыі, а таксама нагадвае, што не ўсё залежыць ад яе здольнасцяў. З іншага боку, для пажылых людзей прысутнасць моладзі адкрывае надзею на тое, што іх досвед не будзе страчаны і што іх мары спраўдзяцца.

Той, хто засяроджаны толькі на сучаснасці, на тым, каб неадкладна дасягнуць “усяго і адразу", выпускае з-пад увагі Божы замысел, які ахоплівае мінулае, сучаснасць і будучыню, звязваючы розныя пакаленні. Маладыя павінны выйсці за рамкі віртуальнай рэальнасці, якая перашкаджае канкрэтным учынкам, а пажылыя, замест таго, каб шкадаваць аб страчаных магчымасцях, павінны глядзець наперад, - параіў Святы Айцец.

“Падчас сустрэчы Марыі і Альжбеты, а таксама падчас сустрэчы маладых і пажылых людзей, Бог прыносіць нам у дар будучыню”, - напісаў Святы Айцец, запрашаючы кожнага заплюшчыць вочы і ўявіць сабе сустрэчу маладой Маці Божай і састарэлай маці святога Яна Хрысціцеля, захаваўшы яе ў душы, як “яркі ўнутраны абраз”.

Акрамя таго, Папа заклікаў зрабіць нешта канкрэтнае для бабуль, дзядуль і пажылых людзей: не пакідаць іх у адзіноце, усведамляць іх каштоўную ролю па захаванню спадчыны і каранёў. “Касцёл і грамадства маюць патрэбу ў пажылых. Яны нагадваюць сучаснасці аб мінулым, неабходным для пабудовы будучыні”, - зазначыў Святы Айцец.

Папа аднавіў сваё запрашэнне да парафій, дыяцэзій, асацыяцый і супольнасцяў адзначыць гэты дзень з радасцю “ад адноўленай сустрэчы маладых і пажылых людзей”. Ён парэкамендаваў моладзі, якая збіраецца на СДМ у Лісабон, наведаць бабуль і дзядуль, альбо самотнага старога. Пажылых людзей ён запрасіў суправаджаць моладзь, якая збіраецца на СДМ, малітвай. “Гэтыя хлопцы і дзяўчаты – Божы адказ на вашыя просьбы, плод таго, што вы пасеялі, знак таго, што Бог не пакідае свой народ, а заўсёды амалоджвае яго з дапамогай фантазіі Святога Духа”, - гаворыцца ў пасланні Францішка.

15 чэрвеня 2023, 12:41